2016-10-19 15:35:00

Касцёл за інвестыцыі ў “чалавечы і сацыяльны капітал”


“Чалавек мае сацыяльную, палітычную і духоўную прыроду; гэта не толькі суб’ект эканамічнай вытворчасці і спажывец”, - нагадаў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН 18 кастрычніка 2016 г. падчас свайго выступлення на тэму выкаранення беднасці ў рамках 71 сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.

Арцыбіскуп Бернардзіта Ауса звярнуўся да афіцыйных дадзеных, якія адлюстроўваюць існуючую эканамічную няроўнасць паміж людзьмі. Так, справаздача Сакратарыята ААН дэманструе, што, нягледзячы на шэраг станоўчых вынікаў у барацьбе міжнароднай супольнасці з беднасцю, “зашмат людзей працягваюць пакутаваць з-за галечы, сацыяльнай і палітычнай ізаляцыі”. З аналізу, праведзенага Сусветным Банкам, вынікае, што сёння за мяжой беднасці жыве кожны дзесяты чалавек на планеце. Таму, на думку іерарха, трэба азірнуцца і вынесці для сябе ўрокі з былых намаганняў па выкараненні галечы.

Арцыбіскуп Ауса заклікаў рабіць інвестыцыі ў “чалавечы і сацыяльны капітал”, накіроўваючы сродкі на ахову здароўя, адукацыю, умацаванне міру і будаванне супольнасцей. Ён звярнуў увагу на неабходнасць пашырэння ідэі роўнасці паміж людзьмі, уключаць у працэс развіцця грамадства саміх бедных. Асобную ўвагу іерарх звярнуў на становішча жанчын, якія часта становяцца ахвярамі насілля і дыскрымінацыі. Ён заклікаў знішчыць гэтую “перашкоду ў выкараненні беднасці” і забяспечыць актыўны ўдзел жанчын у грамадскім жыцці.

“Сацыяльная ахова робіць унёсак у развіццё чалавека і эканамічны прагрэс”, - звярнуў увагу папскі дыпламат і дадаў, што многія краіны, у якіх прадугледжана эканамічная падтрымка бедных сем’яў, дасягнулі павелічэння іх прадуктыўнасці і ўзнікнення новых бізнес-структур.








All the contents on this site are copyrighted ©.