2016-10-18 14:21:00

Пантыфік: пастыр не адзінокі, ён мае Бога побач


Добры пастыр імкнецца ісці за Езусам, а не за ўладай і грашыма, а калі будзе пакінуты ўсімі – заўсёды будзе мець побач Пана, адзначыў Святы Айцец 18 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на першае літургічнае чытанне (2 Цім 4,9-17а), Францішак засяродзіўся на сітуацыі апосталаў, якія напрыканцы свайго зямнога жыцця спазналі самотнасць у цяжкасцях, былі самотнымі і пазбаўленымі ўсяго.

Такі лёс спазнаў св. Павел, які шмат падарожнічаў, зведаў шмат пакут і выпрабаванняў абвяшчаючы Евангелле, які ў малітве ўзнёсся да сёмага неба і пачуў тое, што ніхто не чуў да яго. Нягледзячы на ўнутраную падаўленасць, напрыканцы жыцця Апостал Народаў не адчуваў жалю ці горычы і ведаў, што Пан побач з ім, заўважыў Папа.

Францішак нагадаў, што падобны досвед перажылі св. Пётр, св. Ян Хрысціцель, а таксама св. Максіміліян Кольбэ, “які стварыў сусветны апостальскі рух і мноства іншых вялікіх рэчаў”, а памёр у лагернай камеры. Па словах Пантыфіка, калі апостал верны Богу, ён не чакае для сябе іншага канца, чым той, які меў Езус. З такімі пастырамі Бог прабывае побач і дае ім унутраную сілу, перакананы Святы Айцец.

Па словах Папы, гаворка ідзе пра сапраўдны евангельскі закон: “Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, то застанецца адно, а калі памрэ, то прынясе багаты плён” (Ян 12,24).

“Памерці, як мучанікі, як сведкі Езуса – гэта зерне, што памірае і прыносіць плён, напаўняе зямлю новымі хрысціянамі. Калі пастыр жыве такім чынам, ён не паддаецца горычы: ён можа адчуваць прыгнечанасць, але мае ўпэўненасць, што Бог побач. Калі душпастыр займаўся чымсьці іншым, а не вернікамі, і быў, напрыклад, прывязаны да ўлады, грошай, сістэмы ці іншых рэчаў – ён не будзе самотны. Магчыма, ён будзе мець пляменнікаў, якія будуць чакаць пакуль ён памрэ, каб паглядзець, што могуць забраць сабе”, - сказаў Папа.

Напрыканцы сваёй гаміліі Францішак распавёў, што падчас наведвання дамоў для састарэлых святароў, ён сустракаў мноства адданых пастыраў, якія нягледзячы на хваробы і слабасць не перастаюць цікавіцца жыццём Касцёла, сітуацыяй з пакліканнямі. Перад абліччам самотнасці, яны ўсведамляюць, што Езус побач, сказаў Папа і заклікаў памятаць пра такіх пастыраў у малітве.








All the contents on this site are copyrighted ©.