2016-10-17 12:01:00

Апостальскі нунцый на гадавіну падпісання Брэсцкай уніі


Апостальскі Нунцый у Беларусі, арцыбіскуп Габар Пінтэр скіраваў пасланне з нагоды 420-годдзя падпісання Брэсцкай уніі. Яго тэкст публікуе сайт svjazep.org

Іерарх нагадаў, што “набліжаецца да завяршэння Юбілейны Год Божай Міласэрнасці”, таму, “кожны католік павінен задумацца над тым, як выкарыстаць ласку Юбілею, як развівацца на шляху жывой веры, трывалай надзеі і дзейснай любові, як у сённяшнім свеце быць верагодным і нястомным сведкам Хрыста Пераможцы, які жыве ў адзіным, святым, каталіцкім і апостальскім Касцёле”.

Грэка-каталіцкія супольнасці ў Беларусі, адзначыў папскі дыпламат, “з крэатыўнай адвагай” перажывалі Год Міласэрнасці, рэалізуючы “багатую на падзеі пастаральную праграму” у кантэксце слоў “Credo”: “Веру ў адзіны, святы, каталіцкі і апостальскі Касцёл”. Яны з’яўляюцца асабліва актуальнымі ў дні, калі грэка-каталіцкія вернікі Беларусі перажываюць чарговую гадавіну падпісання Брэсцкай уніі, адзначыў арцыбіскуп Пінтэр. Ён нагадаў, што “Сінод, які праходзіў з 16 па 18 кастрычніка 1596 г., паспрыяў аднаўленню поўнай еднасці розных касцёльных супольнасцяў гэтай зямлі з Апостальскім Пасадам у Рыме, заахвочваючы вернікаў да ўзрастання ў веры, надзеі і любові ў той складаны перыяд”.

“Брэсцкая унія прывяла да ўмацавання духоўнага і культурнага абмену паміж хрысціянамі з Усходу і іх братамі на Захадзе, што ў сваю чаргу паспрыяла росквіту культуры, выхавання і архітэктуры. Да сённяшняга дня сведкамі гэтай падзеі з’яўляюцца некаторыя святыні і шматлікія іконы, напісаныя ў перыяд пасля падпісання Уніі. Гэта каштоўная духоўная спадчына ў гісторыі Касцёла ў Беларусі”, - гаворыцца ў пасланні.

Апостальскі нунцый лічыць, што “сёння, 420 гадоў пасля падпісання Брэсцкай уніі, мы маем магчымасць нанова адкрыць для сябе гэтае духоўнае і культурнае багацце нашай прыналежнасці да адзінага, святога, каталіцкага і апостальскага Касцёла, усведамляючы адказнасць быць сведкамі Евангелля любові для кожнага чалавека”. Ён заклікаў працягваць маліцца “аб будаванні еднасці паміж хрысціянамі так, як гэтага прагне наш Пан”.








All the contents on this site are copyrighted ©.