2016-10-14 11:42:00

Святы Айцец ініцыяваў дапамогу жыхарам Гаіці


Папская рада “Cor Unum” – ватыканская дыкастэрыя, якая каардынуе гуманітарную дзейнасць Святога Пасаду і Касцёла – накіруе першую частку грашовай дапамогі ў памеры 100 тыс. долараў ЗША на дапамогу жыхарам рэгіёнаў, пацярпелых ад урагана “Мэцью”. Такое рашэнне прыняў Святы Айцец Францішак.

Вызначаная грашовая сума будзе размеркавана паміж мясцовымі дыяцэзіямі, размешчанымі на тэрыторыях, найбольш пацярпелых ад прыроднай катастрофы, і з’яўляецца “першай і неадкладнай канкрэтнай праявай пачуцця духоўнай блізкасці і айцоўскай падтрымкі Пантыфіка ў адносінах да пацярпелых асоб і тэрыторый”, гаворыцца ў паведамленні Папскай рады “Cor Unum”.

Гэты ўнёсак стане часткай дапамогі, якая была неадкладна распачата Каталіцкім Касцёлам з удзелам епіскапатаў розных краін і шматлікіх дабрачынных арганізацый. Адна з іх, гаіцянская “Caritas”, у супрацоўніцтве з “Caritas Internationalis” , адразу ж распаўсюдзіла заклік аб аказанні дапамогі 2700 сем’ям (13,5 тыс. чалавек) лацінаамерыканскай рэспублікі: набыцця і размеркавання 2700 камплектаў з прадуктамі харчавання і такой жа колькасці камплектаў са сродкамі гігіены, а таксама ажыццяўлення праграмы прэвентыўнага характару па інфармаванні насельніцтва адносна інфекцыйных захворванняў.

Ураган “Мэцью” абрушыўся на паўднёва-ўсходнюю частку Гаіці 4 кастрычніка 2016 г. Сотні людзей загінулі, прапалі без вестак і параненыя. Прыродная катастрофа выклікала самы вялікі гуманітарны крызіс у Рэспубліцы. Дапамогі патрабуюць каля 1,5 млн. чалавек, у тым ліку амаль 600 тыс. дзяцей.








All the contents on this site are copyrighted ©.