2016-10-14 13:17:00

Кардынал Паралін: Папа наведае Фаціму ў маі 2017 года


Францішак наведае партугальскі марыйны санктуарый у Фаціме ў маі 2017 г. Аб гэтым паведаміў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін падчас візіту ў гэта месца з нагоды 99-годдзя аб’яўлення тут Панны Марыі. Пурпурат прыняў удзел ва ўрачыстасцях, якія завяршыліся 13 кастрычніка 2016 г., у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца. 

У сваіх гаміліях кардынал Паралін заклікаў вернікаў шукаць унутранай цішыні, святасці і Хрыстовага крыжа. Ён заўважыў, што сучасны свет дае чалавеку велізарны паток інфармацыі, што перашкаджае пошуку ўнутранай цішыні, якая вядзе да Бога.

“Сучасная культура ўсё мацней заахвочвае нас да спажывання інфармацыі. У той жа час, мы тэрмінова патрабуем паяднання са святасцю, бо без яе з’яўляемся мёртвымі камянямі. Мы пастаянна знаходзімся на арбіце пякельных брамаў”, - сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Кардынал Паралін таксама звярнуў увагу на значэнне Хрыстовага крыжа ў жыцці чалавека. Ён сцвердзіў, што вернікі павінны навучыцца трываць пры крыжы. “Святасць – гэта брама праз якую ўваходзім у свет міласэрнасці, самым сапраўдным і ў той жа час абуральным вобразам з’яўляецца крыж”, - дадаў іерарх.

Паводле партугальскай паліцыі, у будучай пілігрымцы Францішка ў Фаціму, якая адбудзецца ў кантэксце 100-годдзя марыйных аб’яўленняў, чакаецца ўдзел больш за мільёна вернікаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.