2016-10-13 10:54:00

Святы Айцец сфармулаваў прынцыпы хрысціянскай тоеснасці


Тоеснасць хрысціяна мае тры рысы: ён адчувае сябе выбраным, прабачаным і заўсёды ідзе наперад, адзначыў Святы Айцец 13 кастрычніка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Спасылаючыся на словы з першага літургічнага чытання аб асаблівым благаслаўленні і выбраннасці вернікаў (Эф 1,1-10), Пантыфік распавёў пра элементы гэтага благаслаўлення.

У першую чаргу, па словах Францішка, хрысціян з’яўляецца выбраным Богам. Пан глядзіць на яго, як бацькі на ўласнае дзіця і гэта дае вялікую ўпэўненасць. “Гэта фундамент, гэта аснова нашых адносін з Богам. Мы кажам пра Айца, Які нас любіць, Які нас выбраў і даў імя”, - сказаў ён.

Папа перакананы, што вера чалавека, які адчувае выключна прыналежнасць да хрысціянскай супольнасці, але не адчувае выбранасці Богам, нагадвае паставу футбольнага заўзятара, які выбраў сабе любімую каманду і балее за яе. Калі хрысціянін жыве з адчуваннем сваёй выбранасці, яго сэрца напаўняецца вялікім суцяшэннем і ён не чуецца пакінутым, дадаў Пантыфік.

Іншай рысай вучня Хрыста, паводле Францішка, з’яўляецца адчуванне таго, што ён быў прабачаны. “Чалавек, які не адчувае сябе прабачаным, не з’яўляецца хрысціянінам упоўні”, - лічыць ён. “Усе мы былі прабачаны коштам Хрыстовай крыві”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў вернікаў зрабіць рахунак сумлення, узгадваючы свае прабачаныя Богам грахі. 

Трэцяя рыса хрысціяна выяўляецца ў яго пастаянным імкненні да поўні, да Хрыста, Які прынёс адкупленне. “Нельга зразумець хрысціяна, які стаіць на месцы. Хрысціянін заўсёды павінен ісці наперад, павінен крочыць. Статычны хрысціянін – гэта чалавек, які атрымаў талент і са страху перад жыццём, са страху згубіць яго, са страху перад гаспадаром, са страху або боязі згубіць камфорт, закапаў яго і, прабываючы ў спакоі, праводзіць жыццё нікуды не імкнучыся. А хрысціян – гэта чалавек, які знаходзіцца на шляху, які заўсёды робіць дабро, які імкнецца рабіць дабро і ісці наперад”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.