2016-10-11 11:44:00

У Ватыкане прадставяць папскі дакумент на Дзень мігранта


У чацвер, 13 кастрычніка 2016 г. будзе апублікавана пасланне Святога Айца Францішка на 103-ці Сусветны дзень мігранта і бежанца. У 2017 г. ён пройдзе ў Каталіцкім Касцёле 15 студзеня на тэму: “Непаўналетнія мігранты, уразлівыя і пазбаўленыя голасу”. З гэтай нагоды ў Ватыкане пройдзе спецыяльная прэзентацыя, якую правядзе ў дзень выхаду дакументу кардынал Антоніа Вэльё, старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў.

Папа Францішак падчас свайго пантыфікату часта агучвае просьбу прымаць з любоўю і ставіцца з павагай да мігрантаў і бежанцаў. Ён звяртае ўвагу на тое, што сёння міграцыя пастаянна актывізуецца ва ўсіх рэгіёнах планеты. Бежанцы і людзі, якія ўцякаюць з сваёй радзімы, з’яўляюцца выклікам для народаў і грамадстваў. Па словах Пантыфіка, сёння больш, чым у мінулыя часы, Евангелле міласэрнасці заклікае сумленне хрысціян да дапамогі ўцекачам праз справы міласэрнасці адносна душы і цела.

Згодна з меркаваннем Святога Айца, якое ён агучыў у мінулых пасланнях на Дзень мігранта і бежанца, важна глядзець на мігрантаў як на людзей, якія могуць унесці ўклад у росквіт і развіццё краін знаходжання, калі будуць паважаць іх матэрыяльную і духоўную спадчыну.

Міграцыя, як вельмі распаўсюджаная з’ява ў сучасным свеце, становіцца драматычным выклікам як для палітыкаў і эканамістаў, так і для сацыёлагаў і дэмографаў. Яна датычыць мільёнаў людзей і з’яўляецца праблемай, якую Касцёл, што служыць усяму чалавецтву, павінен вырашаць у евангельскім духу любові, лічыць Пантыфік.

Па існуючай традыцыі, Сусветны дзень мігранта і бежанца адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле ў Другую звычайную нядзелю літургічнага года. Пачатак быў пакладзены ў 1914 г., калі папа Пій X устанавіў гэты дзень малітвы ў знак салідарнасці з італьянскімі католікамі, змушанымі ехаць на заробкі ў іншыя краіны.








All the contents on this site are copyrighted ©.