2016-10-11 11:01:00

Святы Пасад выдасць ліст да кансэкраваных асоб


У сераду, 12 кастрычніка 2016 г. у Папскім універсітэце “Урбаніяна” пройдзе прэзентацыя чацвёртага ліста, прысвечанага кансэкраванаму жыццю. Дакумент, які выйдзе ў Ватыканскім выдавецтве на чатырох мовах, называецца “Annunciate” (Абвяшчайце) і адрасаваны членам манаскіх супольнасцяў ва ўсім свеце. Узначаліць ватыканскую прэзентацыю кардынал Жоао Брас дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, якая і з’яўляецца аўтарам ліста.

У спецыяльным паведамленні дыкастэрыі гаворыцца, што “Annunciate” завяршае серыю дакументаў, у якіх гучаць разважанні над рэчаіснасцю манаскага паклікання і жыцця. Папярэднія тры называліся: “Rallegratevi” (Радуйцеся), “Scrutate” (Вывучайце), “Contemplate” (Сузірайце). Іх агульным лейтматывам стала запрашэнне да зразумення чаканняў, памкненняў і жаданняў сучаснага чалавека, патрэб яго сэрца, а таксама страхаў і прычын недаверу і абыякавасці.

Трэба нагадаць, што ў Касцёле нядаўна завяршыўся Год кансэкраванага жыцця, які доўжыўся з 30 лістапада 2014 г. да 2 лютага 2016 г. Святы Айцец Францішак прыняў рашэнне аб яго правядзенні з нагоды 50-годдзя абвяшчэння саборнага дэкрэта “Perfecta caritatis”. Тады і з’явілася ініцыятыва выдання чатырох спецыяльных лістоў, адраваных законніцам і законнікам.

Ва ўсім свеце налічваецца каля 950 тыс. кансэкраваных асобаў – законных айцоў, братоў і сясцёр і тых, хто належыць да свецкіх інстытутаў і індывідуальных форм кансэкраванага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.