2016-10-08 17:29:00

Святы Айцец: Марыя вучыць быць паслядоўнікамі Хрыста


“Ружанцовая малітва – гэта абагульненне гісторыі Божай міласэрнасці, якая становіцца гісторыяй збаўлення для тых, хто дазваляе ласцы змяніць сябе”, - падкрэсліў Святы Айцец у прамове да ўдзельнікаў "марыйнага Юбілею", што сабраў у Рыме тысячы людзей з усяго свету, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць. Вечарам 8 кастрычніка 2016 г. яны прынялі ўдзел у малітоўным чуванні на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, адным з элементаў якога была ружанцовая малітва. Падзеі папярэднічала працэсія з марыйнымі абразамі і фігуркамі, дастаўленымі з 94 марыйных санктуарыяў з розных краін свету.

Паводле слоў Пантыфіка, малітва на ружанцы, “не аддаляе ад жыццёвых турботаў, а наадварот, патрабуе ад нас уцелаўлення ў гісторыю штодзённасці, каб былі здольнымі разумець значэнне знакаў прысутнасці Хрыста сярод нас”.

“Кожны раз, калі сузіраем адзін момант, адну таямніцу жыцця Хрыста, мы атрымліваем запрашэнне распазнаць, якім чынам Бог уваходзіць у наша жыццё, каб затым прыняць Яго і ісці за Ім. Так мы пазнаем шлях, што вядзе да наследвання Хрыста ў служэнні братам”, - сказаў Папа і заклікаў не закрываць унутры сябе дар Божай прысутнасці, а несці іншым людзям Ягоную любоў, пяшчоту, дабрыню і міласэрнасць.

Францішак заўважыў, што першым пакліканнем вучня Хрыста з’яўляецца слуханне Бога. Але гэтага не дастаткова, таму што яно павінна перамяняцца ў канкрэтныя ўчынкі. “Вучань, насамрэч, ставіць сваё жыццё на службу Евангеллю”, - адзначыў ён. 

Пантыфік нагадаў, што Панна Марыя пасля Звеставання адразу пабегла да сваёй цяжарнай сваячкі Альжбеты, каб дапамагаць ёй; у Бэтлееме яна дала свету Божага Сына; у Кане – паклапацілася пра маладых сужонкаў; на Кальварыі – не адступіла перад абліччам болю, але засталася пад крыжам Езуса і згодна з Яго воляй стала Маці Касцёла; пасля Уваскрасення, яна натхняла апосталаў, сабраных у вячэрніку ў чаканні Святога Духа, які перамяніў іх у мужных герольдаў Евангелля. 

“На працягу ўсяго свайго жыцця, Марыя споўніла тое, што патрабуецца ад Касцёла, каб чыніў на вечны ўспамін аб Хрысце. У яе веры бачым як адчыніць дзверы нашага сэрца, каб быць паслухмянымі Богу; у яе самаадрачэнні, бачым наколькі мы павінны быць уважлівымі да патрэбаў іншых; у яе слязах знаходзім сілу, каб суцяшаць пакутуючых. У кожным з гэтых момантаў, Марыя выражае багацце міласэрнасці Бога, які выходзіць насустрач кожнаму ў штодзённых патрэбах”, - сказаў Папа.

"Марыйны Юбілей" пачаўся 7 кастрычніка 2016 г. Яго кульмінацыяй стане Эўхарыстыя з Пантыфікам, якая адбудзецца раніцай 9 кастрычніка на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. 








All the contents on this site are copyrighted ©.