2016-10-08 14:48:00

Пабачаць свет некалькі новых ватыканскіх манет


Памятныя ватыканскія манеты, прысвечаныя Юбілейнаму Году Міласэрнасці, Сусветным дням моладзі ў Кракаве, Сусветнаму дню міра і Папскаму санктуарыю Святога Дома ў Ларэта, пабачаць свет 13 кастрычніка 2016 г. 

Манета з нагоды Юбілею Міласэрнасці была адчаканена наміналам у 2 еўра. На ёй змешчана іканаграфічная выява св. Марціна Турскага. Святы прадстаўлены на кані ў той момант калі ён здымае з сябе плашч і аддае замёрзшаму бедняку. Гэты сюжэт нагадавае аб учынках міласэрнасці і словах Езуса Хрыста: “быў голы, і вы апранулі Мяне” (Мц 25,36). Аўтарам выявы з’яўляецца італьянская мастачка і скульптар Марыянджэла Крышоці, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканам.

Яна таксама распрацавала выяву для новай ватыканскай сярэбранай манеты, прысвечанай ХХХІ Сусветным дням моладзі, якія прайшлі 26-31 ліпеня 2016 г. у Кракаве на тэму: “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5,7). Манета была адчаканена наміналам у 10 еўра. На яе аверсным баку змешчана выява моладзі, якая трымае ў руках драўляны крыж – сімвал форума. На рэверсным баку – герб Святога Айца.

Іншая нумізматычная ватыканская навінка – гэта сярэбраная памятная манета наміналам у 5 еўра, прысвечаная Сусветнаму дню міра. На яе аверсным баку змешчаны партрэт папы Францішка, а на рэверсным – выява анёла, які мячом разрубае церні, праз якіх прарастаюць аліўкавыя галінкі. Сюжэт адносіцца да тэмы Сусветнага дня міру: “Перамагчы абыякавасць і здабыць мір”. Аўтарам выявы з’яўляецца італьянская мастачка Даніэла Фуска.

Нумізматычнае бюро падрыхтавала таксама дзве залатыя манеты наміналам у 20 і 50 еўра, прысвечаныя Папскаму санктуарыю Святога Дому ў Ларэта. На рэверсным баку 20-еўравай манеты, італьянскай мастачкай Габрыэлай Цітота, была змешчана выява фігуркі Маці Божай, якая знаходзіцца ў алтарнай нішы Святога Дома ў Ларэта. У сваю чаргу на рэверсе манеты ў 50 еўра знаходзіцца выява базылікі Святога Дома, выкананая мастачкай Крысцінай Дэ Джорджы. На аверсным баку гэтых манет размешчаны партрэт Пантыфіка.








All the contents on this site are copyrighted ©.