2016-10-08 15:34:00

Абраны новы старшыня Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы


Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Італіі кардынал Анджэла Баньяска ўзначаліць Раду Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ). Кандыдатуру іерарха зацвердзілі ўдзельнікі Пленарнага пасяджэння гэтай структуры, якое адбываецца ў Манака 6-9 кастрычніка 2016 г.

Кардынал Баньяска зменіць на пасадзе старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы кардынала Пэтэра Эрдо, які выконваў адпаведныя кіраўнічыя функцыі на працягу двух пяцігадовых тэрмінаў: з 2006 г. па 2016 г. Да гэтага пурпурат з’яўляўся віцэ-старшынёй гэтай структуры. 

Падчас выбарчага пасяджэння Рады былі таксама абраны два яе новых віцэ-старшыні. Імі сталі кардынал Вінцэнт Нікалс, арцыбіскуп Вэстмінстэра і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Англіі і Уэльса, а таксама арцыбіскуп Познаньскі і старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы Станіслаў Гандэцкі.

“Пленарная асамблея падзякавала новаабраным асобам за іх спагадлівасць і пажадала плённай працы і служэння евангелізацыі і Каталіцкаму Касцёлу ў Еўропе”, - гаворыцца ў паведамленні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы. Таксама ўдзельнікі пасяджэння выказалі падзяку былому кіраўніцтву гэтай структуры “за працу на карысць Касцёла і адданасць ідэі пашырэння братэрскай еднасці паміж епіскапатамі Еўропы”.

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы была заснавана ў 1971 г. і ўключае ў сябе 33 нацыянальныя епіскапаты, а таксама іерархаў з тых краін, дзе няма асобных Канферэнцый Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.