2016-10-07 13:26:00

Францішак выказаў салідарнасць насельніцтву Гаіці


Святы Айцец выказаў свой смутак і глыбокія спачуванні ў сувязі са шматлікімі ахвярамі, да якіх прывёў ураган “Мэцью” на Гаіці. Францішак моліцца за ўсіх, хто загінуў, і за тых, хто страціў сваіх блізкіх, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя старшыні мясцовага епіскапату. 

Пантыфік даверыў памерлых Божай міласэрнасці і запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці і прыхільнасці параненых, а таксама ўсіх, хто страціў свае дамы і маёмасць у выніку стыхійнага бедства. Ён заахвоціў гаіцянскі народ да салідарнасць ва ўмовах новых выклікаў, якія стаяць перад краінай, і даручыў яго мацярынскай абароне Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

Колькасць ахвяр урагану “Мэцью” на Гаіці перавысіла 330 і працягвае расці. “Гэта катастрафічная сітуацыя. Усё знаходзіцца ў крытычным стане”, - заявіў Прэзідэнт Жосэлерм Прывер. У некаторых населеных пунктах знесены 80% усіх пабудоў. Аб набліжэнні ўрагану насельніцтву паведамілі 5 дзён таму, але ўсіх эвакуіраваць не ўдалося. Многія адмовіліся пакідаць свае дамы, баючыся, што іх разрабуюць. Пасля разбурэнняў на Гаіці, “Мэцью” насоўваецца зараз на паўднёваўсходняе ўзбярэжжа ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.