7 кастрычніка 2016 г. у Зале Друку Святога Пасаду адбылася прэзентацыя кампакт-дыска з творам “Missa Papæ Marcelli” італьянскага кампазітара эпохі Рэнесанса Джавані П’ерлуіджы Палестрына ў выкананні хору Папскай музычнай Сікстынскай капэлы.
Рашэнне выпусціць дыск са знакамітай “Месай папы Марчэла” невыпадковае, адзначыў Прэфект Папскага дома, арцыбіскуп Георг Генсвайн. Гэта спосаб у музычнай форме падкрэсліць Надзвычайны Год Міласэрнасці, які мы перажываем дзякуючы пажаданню папы Францішка, бо менавіта міласэрнасць з’яўляецца галоўнай тэмай кампазіцыі, патлумачыў іерарх падчас прэзентацыі.
Кампакт-дыск “Missa Papæ Marcelli” выйшаў пад лэйблам “Deutsche Grammaphon”. Менавіта гэтая гуказапісваючая кампанія раней пабудавала спецыяльную студыю для запісу ў Сікстынскай капэле. Першы альбом – зборнік грыгарыянскага спеву “Cantate Domini” – быў запісаны тут у 2015 г.
Дырыжор папскага хору кс. Масіма Паламбэла назваў унікальную магчымасць запісаць дыск у Сікстынскай капэле “дадатковай каштоўнасцю ў пошуку эстэтычнай сутнасці твора” Джавані П’ерлуіджы Палестрына.
Шасцігалосная “Меса папы Марчэла” была напісана ў другой палове XVІ ст. Джавані Палестрына цалкам прысвяціў яе тагачаснаму Пантыфіку – папе Марцэлу II і гэтым творам даказаў магчымасць існавання шматгалоснай літургічнай музыкі, насуперак меркаванням, нібы паліфанічнасць скажае выразнае вымаўленне слоў тэкста.
All the contents on this site are copyrighted ©. |