2016-10-07 15:00:00

Святы Пасад пра ролю моладзі ў інтэграцыйных працэсах


На праблемы маладых мігрантаў звярнула ўвагу дэлегацыя Святога Пасаду на Міжземнаморскай канферэнцыі АБСЕ. Яе кіраўнік, кс. прэлат Януш Урбанчык выступіў 5 кастрычніка 2016 г. у Вене. Ён назваў працэсы, якія зараз адбываюцца ў рэгіёне “надзвычайнай гуманітарнай сітуацыяй” і заклікаў да дыскусіі на тэму, як гэтыя праблемы ператварыць у магчымасці. 

Мала таго, што юнакі і дзяўчаты часта бягуць ад гвалту, вайны і пераследаў, беднасці і сацыяльнай ізаляцыі, яны застаюцца адны ў гэтых непажаданых паездках. Гэта руйнуе сем’і, сур’ёзна ўплывае на адукацыю, і ўключае моладзь у спіраль цяжкасцяў, нявызначанасці і вакууму ідэнтычнасці, што пазбаўляе яе неабходных умоў для стварэння свайго ўласнага будучага. Такая сітуацыя робіць яе асабліва ўразлівай для злачыннасці, у тым ліку эксплуатацыі і гандлю людзьмі, а таксама экстрэмізму і радыкалізацыі.

Міграцыйныя патокі мяняюць сацыяльны і геапалітычны баланс, і маладыя людзі растуць ва ўмовах усё большай глабалізацыі. У гэтым кантэксце інтэграцыя з’яўляецца ключавым фактарам. Моладзь павінна вучыцца жыць у разнастайнасці, у дыялогу, каб успрымаць мультыкультуралізм ня як пагрозу, а магчымасць, працытаваў думку папы Францішка кс. Урбанчык.

Святар яшчэ раз агучыў пазіцыю Апостальскай Сталіцы аб неабходнасці спынення распаўсюду небяспечнага меркавання, што мігранты – гэта пагроза для нашай бяспекі. І моладзь можа тут адыграць неацэнную ролю: стаць лакаматывам для інтэграцыі. Новыя пакаленні здольныя навучыць нас, што збліжэнне разнастайных і розных культур, рэлігій і моў, не толькі магчымае, але і карыснае для грамадства, сказаў ватыканскі дыпламат і нагадаў, што Францішак называе гэта “культурай сустрэчы”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.