2016-10-07 12:12:00

Святы Айцец заклікаў Касцёл у Еўропе да адкрытасці


Папа Францішак накіраваў пасланне ўдзельнікам Пленарнага пасяджэння Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (ССЕЕ), якое адбываецца ў Манака 6-9 кастрычніка 2016 г па запрашэнні мясцовага арцыбіскупа Бернарда Барсі. Пантыфік высока ацаніў ролю гэтай структуры ў пашырэнні братэрскіх міжканфесійных адносін на еўрапейскім кантыненце. 

Святы Айцец заклікаў іерархаў і надалей дбаць пра развіццё “абодвух лёгкіх” Еўропы – Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. “Няхай ваш клопат асвятлае свядомасць вернікаў, прапануючы ім крытэрыі для ацэнак, каб не дапусціць панавання над імі мірской культуры”, - гаворыцца ў звароце Францішка.

Асобную падзяку Пантыфік выказаў старшыні Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы, кардыналу Пэтэру Эрдо “за 10 гадоў велікадушнай плённай працы на чале гэтай пачэснай касцёльнай структуры” ў сувязі з заканчэннем яго чарговага пяцігадовага мандату. На пасаду кіраўніка іерарх абіраўся двойчы і выконваў адпаведныя абавязкі з 2006 па 2016 гг. “Вы ўмелі служыць з пакорлівасцю і прадбачлівасцю, ставячы вышэй за ўсё евангельскую міласэрнасць”, - падкрэсліў Францішак. Ён пажадаў, каб “Касцёл у Еўропе станавіўся “Касцёлам, які выходзіць насустрач”, “радасным прапаведнікам Евангелля міласэрнасці і сведкам надзеі”.

У першы дзень працы пасяджэння, 6 кастрычніка 2016 г., з дакладамі выступілі міністр унутраных спраў Манака Патрыс Чэларыа і прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, кардынал Марк Уэле. Удзельнікаў прыняў на аўдыенцыі князь Манака Альбер II.

Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы была заснавана ў 1971 г. і ўключае ў сябе 33 нацыянальныя епіскапаты, а таксама іерархаў з тых краін, дзе няма асобных Канферэнцый Біскупаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.