2016-10-06 11:56:00

Папа збірае Сінод Біскупаў на тэму моладзі


Святы Айцец Францішак, пасля кансультацый з біскупскімі канферэнцыямі, Усходнімі Каталіцкімі Цэрквамі і канферэнцыямі генеральных настаяцеляў манаскіх кангрэгацый, а таксама выслухаўшы прапановы Айцоў апошняга сінадальнага сходу, вырашыў, што ў кастрычніку 2018 г. пройдзе XV Генеральная Звычайная Асамблея Сінода Біскупаў па тэму: “Моладзь, вера і распазнанне паклікання”. 

Абраная тэма, гэта выраз пастырскай заклапочанасці Касцёла адносна моладзі, спасылка на высновы апошніх сінадальных асамблей на тэму сям’і і паслясінадальную адгартацыю “Amoris Laetitia”. Аб гэтым гаворыцца ў афіцыйнай заяве, распаўсюджанай 6 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане. Касцёл імкнецца суправаджаць маладых людзей на іх жыццёвым шляху да сталасці, каб яны праз працэс распазнання маглі адкрыць для сябе свой жыццёвы праект і рэалізаваць яго з радасцю, выходзячы на сустрэчу з Богам і людзьмі і прымаючы актыўны ўдзел у фарміраванні Касцёла і грамадства, падкрэсліваецца ў заяве Святога Пасаду.

Сінод (ад грэч. synodos — сход, збор) – гэта калегіяльны орган у Касцёле, які склікаецца час ад часу на розных узроўнях. Сінод Біскупаў – дарадчы орган пры Пантыфіку, створаны Паўлам VI згодна з рэкамендацыяй ІІ Ватыканскага Сабору. Склікаецца ён прыкладна раз на тры гады па ініцыятыве Папы для абмеркавння важных пытанняў, якія датычаць жыцця Касцёла. Частка ўдзельнікаў накіроўваецца нацыянальнымі Канферэнцыямі Біскупаў, іншых прызначае Святы Айцец. Першая Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў праходзіла з 29 верасня па 29 кастрычніка 1967 г. Апошняя, Чатырнаццатая Звычайная Асамблея праходзіла ў Рыме 4-25 кастрычніка 2015 г. на тэму “Пакліканне і місія сям’і ў Касцёле і сучасным свеце”.








All the contents on this site are copyrighted ©.