2016-10-06 13:04:00

Папа: без Святога Духа застаюцца зачыненасць і страх


Сапраўдная навука – гэта не жорсткае прытрымліванне законаў, якія захапляюць як ідэалогія, а аб’яўленне Бога, які дазваляе знайсці сябе ў штодзённасці тым, хто адкрыты да Святога Духа, лічыць Папа. Гэту думку ён агучыў 6 кастрычніка 2016 г. падчас гаміліі на ранішняй св. Імшы ў Ватыкане.

Ён спаслаўся на першае літургічнае чытанне з Паслання да Галатаў (3,15), у якім гаворка ідзе пра вялікі дар Айца, якім з’яўляецца Святы Дух, і падкрэсліў, што гэта вялікая сіла, якая дазваляе Касцёлу смела ісці па свеце. Без Святога Духа застаюцца толькі зачыненасць і страх.

Францішак звярнуў увагу на тры стаўленні чалавека да Святога Духа. Першае апісвае св. Павел, які папракае Галатаў за іх меркаванне, што апраўданне паходзіць ад закона, а не ад Езуса. На думку Папы, гэта ігнараванне Святога Духа, што не дае магчымасці рухацца наперад, своеасаблівая “зачыненасць у запаведзях”. Другое стаўленне, паводле Пантыфіка, праяўляецца тады, калі чалавек не дазваляе Святому Духу натхняць сябе і весці наперад у хрысціянскім жыцці.

Трэцяе стаўленне – гэта адкрытасць для Святога Духа. Калі гэта адбываецца, чалавек становіцца падобным да паруснай лодкі, якая дазваляе ветру несці сябе наперад, і яе ўжо не спыніць, заўважыў Францішак і заклікаў прасіць Айца аб адкрытасці для Святога Духа.








All the contents on this site are copyrighted ©.