2016-10-06 10:22:00

Пантыфік і Архіепіскап Кентэрберыйскі падпісалі дэкларацыю


На завяршэнне экуменічных Нешпараў, якія прайшлі 5 кастрычніка 2016 г. у рымскім касцёле св. Грыгорыя, Папа і Архіепіскап Кентэрберыйскі падпісалі сумесную дэкларацыю.

Яны з удзячнасцю ўзгадалі ў ёй сваіх папярэднікаў Паўла VI і архіепіскапа Майкла Рэмсі, чыя сустрэча ў Рыме 50 гадоў таму ініцыявала тэалагічны дыялог і аднаўленне адносінаў. Дзякуючы працы двухбаковай камісіі ўдалося прааналізаваць дактрыны, якія прывялі да падзелаў у гісторыі, і паглядзець на іх з новай перспектывы ўзаемнай павагі і любові.

Падпісанты дэкларацыі нагадалі, што іх папярэднікі мелі свядомасць сур’ёзных цяжкасцяў, якія стаяць на шляху да поўнага адзінства. Аднак, гэта не перашкодзіла ім устаць на шлях, якога яны яшчэ не ведалі. У выніку быў дасягнуты прагрэс у шматлікіх галінах. Папа Францішак і архіепіскап Джасцін Уэлбі прызналі, аднак, што ад таго часу паўсталі новыя падзелы, асабліва ў дачыненні да пасвячэння жанчын і зусім нядаўна па пытаннях, звязаных з чалавечай сексуальнасцю. Да ўсяго гэтага застаецца адкрытым пытанне пра ўладу ў хрысціянскай супольнасці, гаворыцца ў дэкларацыі.

Кіраўнікі абедзвюх канфесій у чарговы раз пацвердзілі сваю гатоўнасць да працягу дыялогу, малітвы і супрацоўніцтва ў розных галінах, пачынаючы ад евангелізацыі і заканчваючы на экалогіі і сацыяльнай справядлівасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.