2016-10-05 12:48:00

Францішак з прызнаннем для ініцыятыў італьянскіх дабрачынцаў


Раніцай 5 кастрычніка 2016 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўніцтва Фонда “Vodafone Italia”. Цэнтральнай тэмай сустрэчы стала абмеркаванне праекта “Instant Schools for Africa” (“Неадкладныя школы для Афрыкі”) – чарговай дабрачыннай ініцыятывы Фонда, якая забяспечыць афрыканскай моладзі онлайн-доступ да найбольш важных адукацыйных рэсурсаў.

“Гэты праект упісваецца ў шырокі і стракаты гарызонт публічных і прыватных ініцыятыў, арыентаваных на стварэнне інклюзіўнага свету, больш з’яднанага, здольнага прапаноўваць магчымасці для развіцця людзям і грамадскім групам, якім пагражае сацыяльная ізаляцыя”, - ухваліў ідэю Фонда “Vodafone Italia” Святы Айцец.

Пантыфік выказаў пажаданне, каб на шляху ажыццяўлення задумы яе аўтары прадугледзелі таксама азнаямленне дзяцей і моладзі з самім паняццем метадаў навучання. Ён звярнуўся да супрацоўнікаў Фонда “Vodafone Italia” з просьбай уключыць у вучэбныя рэсурсы праекта святыя тэксты розных рэлігій у перакладзе на шэраг моў. Па словах Папы, такі дадатак стаў бы “знакам увагі да рэлігійнага вымярэння”, моцна прысутнага ў афрыканскім грамадстве, і “заахвочваннем да міжрэлігійнага дыялогу”.

“Сёння трэба быць канструктыўнымі, рабіць рэчы, якія б вялі чалавецтва наперад, а не толькі глядзець, як падаюць бомбы на нявінных людзей, дзяцей, хворых, на цэлыя гарады”, - дадаў Папа і завяршыў сваю прамову заклікам “будаваць, а не разбураць”.

Праект “Instant Schools for Africa” стане найбуйнейшай дабрачыннай праграмай у 25-гадовай гісторыі Фонда “Vodafone Italia”. Дзякуючы ініцыятыве, ужо гэтай восенню мільёны маладых людзей з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, Ганы, Кеніі, Лесота, Мазамбіка і Танзаніі атрымаюць онлайн-доступ да вучэбных матэрыялаў, падрыхтаваных сумесна з “Learning Equality” – вядучай некамерцыйнай асацыяцыяй у сферы адукацыйных тэхналогій.








All the contents on this site are copyrighted ©.