2016-10-04 12:14:00

Англіканскія і каталіцкія біскупы разам у Рыме


Англіканскія і каталіцкія біскупы здзяйсняюць супольную пілігрымку ў Рым. 36 іерархаў з 19 краін сабраліся ў Кентэрберы, адкуль разам адправіліся ў Вечны горад. Іх тыднёвая сустрэча ўключае ў сябе супольнае набажэнства, якое ўзначаляць разам 5 кастрычніка 2016 г. папа Францішак і Архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі. 

У былой каталіцкай, а з XVI стагоддзя англіканскай катэдры у Кентэрберы біскупы прынялі ўдзел у набажэнствах абедзвюх канфесій. У суботу, 1 кастрычніка, падчас каталіцкай св. Імшы ў знакамітай крыпце сабора гамілію прамовіў англіканскі дапаможны біскуп епархіі ў Еўропе Дэвід Хамід, а на наступны дзень, падчас англіканскай нядзельнай літургіі, пры галоўным алтары катэдры казане прамовіў каталіцкі арцыбіскуп-элект Дон Болен з архідыяцэзіі Рэджайна ў Канадзе.

У Кентэрберы праходзіла таксама пасяджэнне Міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі па адзінству і місіі.

Падчас знаходжання ў Рыме іерархі прымуць удзел у святкаванні 50-годдзя мясцовага англіканскага цэнтра, які ўзначальвае цяпер архіепіскап Дэвід Моксан. У інтэрв’ю радыё Бі-Бі-Сі ён выказаў перакананасць у тым, што поўнае адзінства католікаў і англікан магчыма. На яго думку, ужо існуе кансэнсус на 85% “ядра дактрыны”, але пагадненне адносна астатніх 15% зойме шмат часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.