2016-10-03 12:52:00

Папа адказаў на вострыя пытанні журналістаў


Падчас зваротнага рэйса з Баку ў Рым 2 кастрычніка 2016 г. Францішак у размове з журналістамі патлумачыў, чаму ён асуджае гендэрную тэорыю ў школах, а таксама чаму трэба суправаджаць гомасексуальных асоб і набліжаць іх да Бога. Сярод мэтаў сваіх наступных падарожжаў ён назваў Партугалію, Індыю і Бангладэш. Не абышлося і без пытання пра набліжэнне кансісторыя, на якім будуць названыя імёны новых кардыналаў. Таксама Пантыфік узняў праблему адносін з Кітаем.

Адказваючы на пытанне аб душпастырстве гомасексуальных асоб, Святы Айцец прызнаўся, што як святар, біскуп і Пантыфік суправаджаў і суправаджае гэтых людзей, спрабуючы прывесці іх да Бога. Ён падкрэсліў, што Езус іх не адхіляе і адзначыў неабходнасць дэталёвага разгляду кожнай асобнай справы. Такія выпадкі павінны вырашацца так, як гэта магчыма, заўсёды прымаючы пад увагу Божую міласэрнасць, праўду, але заўсёды з адкрытым сэрцам, сказаў ён. У той жа час, Францішак рашуча асудзіў увядзенне ў школах гендэрнай тэорыі, што прывяло да змены менталітэту грамадства. “Гэта ідэалагічная каланізацыя”, - сказаў ён. 

Іншае пытанне тычылася прыняцця ў Касцёле разведзеных. Францішак заўважыў, што ўсё, што ён думае па гэтым пытанні можна знайсці ў адгартацыі „Amoris laetitia”, 4-ы раздзел якой назваў цэнтральным. Тым не менш, ён адзначыў, што сёння мы з’яўляемся сведкамі сусветнай вайны супраць сужэнства. Пантыфік падкрэсліў, што ў душпастырстве праблемы сужэнстваў трэба вырашаць з улікам чатырох крытэрыяў: прымаць параненую сям’ю, суправаджаць яе, разглядаць кожны канкрэтны выпадак асобна і ўключаць сям’ю ў жыццё Касцёла. 

Часам правядзення магчымага кансісторыя Святы Айцец назваў канец бягучага касцёльнага году або пачатак наступнага каляндарнага. Крытэрыем прызначэння новых кардыналаў будзе ўніверсальнасць Касцёла. 

Наведванне Пантыфікам пацярпелых ад нядаўняга землятрусу раёнаў Італіі будзе насіць прыватны і асабісты характар, каб мець магчымасць прамога кантакту з людзьмі.

Іншае пытанне датычыла Апостальскіх падарожжаў у 2017 г. Францішак запэўніў, што дакладна паедзе ў Фаціму ў Партугаліі, а таксама ў Індыю і Бангладэш. Што тычыцца Афрыкі – усё залежыць ад палітычнай сітуацыі. Спасылаючыся на адносіны з Кітаем, Папа звярнуў увагу на ўжо існуючыя маленькія крокі супрацоўніцтва, але тут неабходна цярплівасць.

Святога Айца спыталіся пра справу беатыфікацыі забітага 26 ліпеня 2016 ісламскімі фундаменталістамі кс. Жака Амеля. Ён адказаў, што тут патрэбна нармальнае вывучэнне сведчанняў і вызначэнне, ці існуюць падставы для вынясення святара да хвалы алтароў.

Прагучала і пытанне аб сітуацыі ў Каўказскім рэгіёне, пра канфлікты паміж Арменіяй і Азербайджанам і Расіяй і Грузіяй. Францішак выказаў упэўненасць у тым, што няма ніякай альтэрнатывы шчыраму дыялогу, магчыма, толькі зварот у Міжнародны Суд у Гаазе. Кажучы пра свае ўражанні ад Грузіі, Святы Айцец не хаваў захаплення верай і культурным багаццем гэтага народу. Вялікае ўражанне на ім аднесла сустрэча з Патрыярхам Іллёй II, якога ён ахарактарызаваў як “Божага чалавека”. Францішак таксама звярнуў увагу на неабходнасць узаемнай малітвы адзін за аднаго і агульнай дабрачыннай дзейнасці на карысць маючых патрэбу.

Адно з пытанняў датычылася кандыдатаў на Нобелеўскую прэмію міру. Папа падкрэсліў неабходнасць памяці пра ахвяр вайны, дзяцей, хворых, бездапаможных старых. 

Гаворачы пра прэзідэнцкую кампанію ў ЗША, Папа адзначыў, што ён ніколі не меў і не мае намеру спасылацца на палітычную кампанію. Аднак, ён заклікаў выбаршчыкаў добра пазнаёміцца з праграмамі кандыдатаў і пасля малітвы і вывучэння прыняць рашэнне ў адпаведнасці са сваім сумленнем. У той жа час, ён падкрэсліў ролю Касцёла ў фарміраванні палітычнай культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.