2016-10-02 16:30:00

Францішак: рэлігіі пакліканы спрыяць прымірэнню на Каўказе


Супрацоўніцтва паміж рэлігіямі дапамагае будаваць лепшыя і мірныя грамадствы, адзначыў Святы Айцец падчас сустрэчы з рэлігійнымі лідэрамі Азербайджана: кіраўніком Упраўлення мусульман Каўказа шэйхам Аллахшукюрам Пашазадэ, з якім Папа меў таксама прыватную размову, праваслаўным епіскапам Баку і кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці. Сустрэча прайшла 2 кастрычніка 2016 г. у мячэці Гейдара ў Баку.
 
Па словах Францішка, рэлігіі маюць вялікае заданне: суправаджаць людзей у пошуку сэнсу жыцця, дапамагаючы ім разумець, што абмежаваныя магчымасці чалавека і даброты гэтага свету ніколі не павінны абсалютызавацца. Рэлігія дапамагае чалавеку дасягнуць сваёй мэты і на падабенства компасу ўказвае шлях да дабра і аддаляе ад зла. Яна выконвае адукацыйную функцыю, дапамагаючы чалавеку выцягнуць лепшае з сябе. У сваю чаргу фундаменталізм і насілле з’яўляюцца далёкімі ад жывога Бога, заўважыў Святы Айцец.

Папа заклікаў рэлігійных лідэраў спрыяць культуры сустрэчы і міру, не дапускаючы інструменталізацыі рэлігіі для апраўднання канфліктаў і супрацьстаянняў, фундаменталізму, імперыялізму і каланіялізму.

“Пасярод ночы канфліктаў, якую перажываем, няхай рэлігіі будуць зараніцай міру, зернем адраджэння паміж спусташэнняў смерці, няспынным рэхам дыялогу, шляхамі сустрэчы і прымірэння, каб дайсці туды, дзе спробы афіцыйнага пасярэдніцтва здаецца не прыносяць вынікаў. Асабліва ў гэтым умілаваным каўказскім рэгіёне, якія я вельмі жадаў наведаць, няхай рэлігіі будуць актыўнымі сродкамі для пераадолення трагедый мінулага і сучасных напружанасцяў", - сказаў Святы Айцец.

"Каштоўнейшыя багацці гэтых краін павінны быць прызнаныя і ацэненыя: старажытныя і новыя скарбы мудрасці, культуры і рэлігійнасці насельніцтва Каўказа з’яўляюцца важным рэсурсам для будучыні рэгіёну і асабліва для еўрапейскай культуры, каштоўнымі дабротамі, ад якіх мы не можам адмовіцца”, - дадаў Францішак на заканчэнне сваёй прамовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.