2016-10-02 10:52:00

Папа да католікаў Азербайджана: жыць верай у духу служэння


Жыць адкрытай верай у духу служэння бліжнім заклікаў Францішак каталіцкую супольнасць Азербайджана падчас св. Імшы, якую цэлебраваў 2 кастрычніка 2016 г. у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на два важнейшыя аспекты хрысціянскага жыцця: веру і служэнне.

Святы Айцец заўважыў, што “Бог змяняе свет, перамяняючы нашы сэрцы”, таму трэба заўсёды прасіць аб дары веры. Яна, аднак, не з’яўляецца магічнай сілай, што сыходзіць з Неба, “талентам”, які атрымліваецца аднойчы і назаўсёды і нават не супер-моцай, якая служыць для вырашэння жыццёвых праблем.

“Вера не павінна блытацца з добрым станам ці адчуваннем”, з прабываннем у душэўным спакоі. “Вера – гэта залатая ніць, якая злучае нас з Панам, чыстая радасць ад прабывання і еднасці з Ім. Гэта дар, які каштуе цэлага жыцця, але які прыносіць плён, калі мы выконваем тое, што ад нас патрабуецца”, - адзначыў Пантыфік.

Такім патрабаваннем, паводле Францішка, з’яўляецца служэнне. Вера і служэнне гэта неад’емныя элементы, знітаваныя паміж сабой, як ніткі ўсходняга дывану. Папа пажадаў, каб вернікі здзяйснялі служэнне не час ад часу, але “жылі служачы” праз адарацыю і малітву, адкрытасць і гатоўнасць дапамагаць, канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці і гарачую працу на карысць супольнага дабра. Пан жадае “зрабіць з кожнага з нас шэдэўр стварэння і гісторыі”, падкрэсліў Святы Айцец. 

Папа заклікаў азербайджанскіх католікаў не паддавацца спакусе “цёплага сэрца”, якое “закрывае ў лянівым жыцці і гасіць полымя любові”, паступова вядзе да задавальнення павярхоўным жыццём, якое “становіцца як гарбата, якая была па-сапраўднаму добрай, але астывае і становіцца больш непрыдатнай для піцця”.

У той жа час Францішак нагадаў пра спакусу “празмернай актыўнасці”, якая вядзе да ператварэння служэння з сродка ў мэту, імкненне да прэстыжу, улады і жадання станавіцца вялікімі.

“Камусьці можа падавацца, што Папа губляе час: пераадоліў тысячы кіламетраў, каб сустрэцца з маленькай супольнасцю ў 700 чалавек з двухмільённага насельніцтва краіны”, - заўважыў Святы Айцец пасля літургіі. “Але Папа ў гэтым наследуе прыклад Святога Духа: таксама і Ён сышоў з неба на маленькую перыферыйную супольнасць, закрытую ў вячэрніку. І гэтай напужанай супольнасці, якая адчувала сябе беднай і пераследаванай, а магчыма пакінутай на ўзбочыне, Ён даў адвагу, сілу, парэзію, каб ісці наперад і абвяшчаць імя Езуса. І так дзверы гэтай ерузалемскай супольнасці, якія былі закрыты па прычыне страху ці сораму, расчыніліся і выйшла сіла Духа. Папа губляе час, як губляў яго Святы Дух у той час”, - сказаў Францішак, развітваючыся з вернікамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.