2016-10-01 12:23:00

Папа да католікаў Грузіі: станавіцца багатымі Богам


Шчаслівыя тыя хрысціянскія супольнасці, якія жывуць евангельскай прастатой і карыстаюцца беднымі сродкамі, але з’яўляюцца багатымі Богам, сказаў Францішак падчас св. Імшы 1 кастрычніка 2016 г. на стадыёне імя Міхаіла Месхі ў Тбілісі. 

Эўхарыстыяй з мясцовай каталіцкай супольнасцю Пантыфік пачаў другі дзень свайго падарожжа ў Грузію. На ёй прысутнічалі таксама прадстаўнікі Грузінскай Праваслаўнай Царквы і іншых канфесій, а таксама дзяржаўных уладаў.

На пачатку сваёй гаміліі Папа падкрэсліў асаблівую ролю жанчын у грузінскім грамадстве. “Тут, у Грузіі, ёсць шмат бабуль і маці, якія працягваюць захоўваць і перадаваць веру, пасеяную на гэтай зямлі св. Нінай, несці свежую ваду Божага суцяшэння ў многія сітуацыі пустэчы і канфлікту”, - сказаў ён.

Па словах Францішка, “суцяшэнне, у якім сёння кожны мае патрэбу, пасярод трывожных падзей жыцця, гэта менавіта прысутнасць Бога ў сэрцы”. Божае суцяшэнне вызваляе ад зла, нясе спакой і пашырае радасць, а каб жыць ім, “трэба вызваліць месца для Бога ў жыцці” праз штодзённае чытанне Евангелля, малітву і адарацыю, споведзь і Эўхарыстыю. “Праз гэтыя дзверы Пан уваходзіць і надае новы водар рэчам”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў грузінскіх католікаў несці Божае суцяшэнне стомленым і расчараваным, пакутуючым ад выпрабаванняў і несправядлівасці; не прызвычайвацца да закрытага касцёльнага “мікраклімату”, але дзяліцца з іншымі “больш шырокімі гарызонтамі”, адкрытымі на надзею. “Існуе патрэба ў намашчэнні сэрца, у гэтым Божым суцяшэнні, якое не пазбаўляе праблем, але дорыць сілу любові, здольную перамяніць пакуты ў спакой. Атрымліваць і несці Божае суцяшэнне – гэта місія Касцёла з’яўляецца тэрміновай”, - сказаў ён.

Па словах Святога Айца, для таго, каб атрымаць Божае суцяшэнне, трэба стаць як дзеці. “Бог не пазнаецца праз высокія думкі і доўгае вывучэнне, а праз мізэрнасць пакорнага і давяраючага сэрца. Каб быць вялікімі ў вачах Найвышэйшага, не трэба назапашваць пашану да сябе і прэстыж, даброты і зямны поспех, але спустошыць саміх сябе”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што толькі ў гэтым выпадку чалавек становіцца “багатым Богам”.

Францішак назваў шчаслівымі пастыраў, якія дзейнічаюць не паводле логікі зямнога поспеху, “а кіруюцца законам любові, прымаючы, слухаючы і служачы”. “Шчаслівы Касцёл, які не давярае крытэрыям функцыяналізму і арганізацыйнай прадуктыўнасці, не клапоціцца пра імідж”, - сказаў ён. 

“Маленькі, умілаваны статак Грузіі, які шмат прысвячаеш сябе міласэрнасці і выхаванню, прымі заклік Добрага Пастыра, даверся Таму, які бярэ цябе на Свае плечы, каб суцешыць!”,- заклікаў Пантыфік на заканчэнне гаміліі.








All the contents on this site are copyrighted ©.