2016-10-01 15:27:00

Пантыфік сустрэўся з каталіцкім духавенствам Грузіі


У другі дзень Апостальскага падарожжа на Каўказ, 1 кастрычніка 2016 г., Святы Айцец сустрэўся з духавенствам, семінарыстамі і прадстаўнікамі каталіцкіх структрур Грузіі. Мерапрыемства распачалося ў 13.45 па мясцовым часе і адбывалася ў тбіліскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

“Быць часткай рэлігійнай меншасці, якой з’яўляюцца католікі Грузіі, азначае мець шмат магчымасцяў і ў той жа час цяжкасцяў”, - прызнаўся Апостальскі адміністратар для Каўказа біскуп Джузэпэ Пасота, вітаючы Святога Айца. “У такой сітуацыі можна лёгка паддацца песімізму”, забываючы, што “кожная сітуацыя – гэта дар, магчымасць, якая зыходзіць ад Бога для нашага ўзрастання”, дадаў іерарх. “Углядаючыся ў будучыню, мы хочам дэманстраваць аблічча мірнага, экуменічнага Касцёла, напоўненага Духам Святым, моцай Якога мы б ядналіся і не стамляліся будаваць масты, якія б нас збліжалі і спрыялі міру на каўказскай зямлі”, - пажадаў біскуп Пасота.

Францішак выслухаў сведчанні чатырох прадстаўнікоў мясцовага Касцёла. 23-гадовы юнак ад імя ўсёй каталіцкай моладзі Грузіі падзякаваў Францішку за падтрымку і надзею, якой ён адорвае маладых людзей. “Вашая прысутнасць сярод нас дае сілы, дазваляе адчуць сябе часткай адзінай сусветнай сям’і, робіць мужнымі ў вызнаванні хрысціянскай веры”, - сказаў ён.

Ад імя ўсіх каталіцкіх сем’яў Грузіі да Францішка звярнулася мясцовая верніца, маці дваіх дзяцей. Яна падзякавала Святому Айцу за яго ўвагу да праблем, з якімі сутыкаюцца хрысціянскія сем’і, і за яго Апостальскую адгартацыю аб сужэнстве і сям’і “Amoris Laetitia”. Жанчына выказала надзею, што кожная мясцовая хрысціянская сям’я будзе выявай радаснага аблічча Касцёла і веры.

Семінарыст засведчыў аб складаным і доўгім шляху, які распачаў раней і працягвае сёння Касцёл Грузіі ў справе падрыхтоўкі мясцовых пастыраў для каталіцкіх парафій краіны. Студэнт прызнаўся, што сваім служэннем Богу і вернікам хоча спрыяць экуменічнаму працэсу і пашыраць дыялог з праваслаўнымі.

Нарэшце, святар з армянскай каталіцкай супольнасці Грузіі нагадаў, што гэта краіна з’яўляецца радзімай іх першага святога-мучаніка – св. Вардана Маміканяна, які разам са сваімі паплечнікамі аддаў жыццё за абарону хрысціянскай веры. “Менавіта гэта вера падштурхнула тысячы армян-католікаў з розных куткоў Грузіі сёння прыехаць сюды, каб выказаць сваю любоў і ўдзячнасць Наступніку св. Апостала Пятра”, - дадаў ён.

У адказ Папа заклікаў прысутных на сустрэчы быць трывалымі ў веры – а значыць, “захоўваць памяць аб мінулым, мець адвагу сёння і не губляць надзеі на будучыню”. Святарам, законнікам і законніцам Францішак пажадаў “не адступаць перад абліччам цяжкасцяў”, заставацца вернымі свайму пакліканню, памятаць аб некалі пачутым Божым закліку. Сужонкам Пантыфік нагадаў тры складнікі шчаслівай і моцнай сям’і: сумеснае супрацьстаянне сучасным ідэалогіям, якія імкнуцца разбурыць існтытут сям’і, прымірэнне напрыканцы кожнага дня, у якім здараліся сваркі і непаразуменні, а таксама ўменне прасіць адзін у аднаго дазволу і казаць словы “дзякуй” і “прабач”.

Напрыканцы Святы Айцец перасцярог католікаў Грузіі ад празелетызму, які назваў “цяжкім грахом”, і ад свецкасці, якая паслабляе веру. Ён заклікаў мясцовых вернікаў будаваць адкрыты і гасцінны Касцёл і ўпэўніў, што “разам з Маці-Касцёлам і Маці Марыяй можна надзейна ісці наперад”.








All the contents on this site are copyrighted ©.