2016-10-01 16:57:00

Пантыфік: Грузія – “старажытная кніга” святых і сведак


“Кульмінацыйным момантам” сваёй пілігрымкі ў Грузію назваў папа Францішак візіт у патрыярхальны кафедральны сабор Светыцхавелі Грузінскай Праваслаўнай Царквы ў Мцхеце. “Я ўдзячны Богу за тое, што мог спыніцца для малітвы ў святым храме”, - сказаў ён 1 кастрычніка 2016 г. і падзякаваў грузінам за іх сведчанне веры і добрае сэрца. 

Пантыфік заўважыў, што “грузінская мова багатая значнымі выразамі, якія апісваюць братэрства, сяброўства і блізкасць паміж людзьмі”, але адзін з іх асаблівы, бо адзначаецца асаблівай высакароднасцю і аўтэнтычнасцю, гатоўнасцю замяніць сабой іншага чалавека і ўзяць на сябе адказнасць за яго: “шэн генацвале”. Ён пажадаў, каб агульная малітва і яднанне душ у радасцях і трывогах, нясенне цяжараў адзін аднаго, братэрскае хрысціянскае стаўленне вызначалі шлях агульнага сведчання праваслаўных і католікаў.

На думку Папы, старажытныя саборы, такія, як патрыярхальная кафедра Светыцхавелі, заклікаюць нас памятаць пра мінулае. І сёння гэта асабліва неабходна, таму што “падзенне народа пачынаецца там, дзе заканчвацца памяць аб мінулым”, працытаваў Францішак грузінскага грамадскага дзеяча ХІХ ст. Аляксандра Чаўчавадзэ. Пантыфік параўнаў гісторыю Грузіі да “старажытнай кнігі”, якая распавядае пра святых і сведак хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія сфарміравалі душу і культуру краіны. Гэта каштоўная кніга пра вялікія жэсты адкрытасці, гасціннасці і інтэграцыі, неацэнныя і заўсёды актуальныя. Менавіта хрысціянскае пасланне на працягу многіх стагоддзяў было адной з асноў грузінскай ідэнтычнасці.

Пантыфік спаслаўся на прысутнасць у кафедры адмысловай рэліквіі – Хітону Хрыста. Ён працытаваў аднаго са старажытных Айцоў Касцёла, св. Кіпрыяна Карфагенскага, які лічыў плашчаніцу “аднагалоснай згоднасцю народа”. “Таму, нягледзячы на нашы абмежаванні і незалежна ад любых іншых гістарычных і культурных адрозненняў, мы пакліканы быць “адным у Хрысце Езусе” (Гал 3, 28), і не ставіць на першае месца непаразуменняў і падзелаў сярод ахрышчаных, таму што на самой справе нашмат больш нас аб’ядноўвае, чым раз’ядноўвае”, - сказаў Папа.

Грузінскае слова “адукацыя” мае той жа корань, што і “хрост”, заўважыў Францішак. І тут высакароднасць мовы прыводзіць да думкі пра прыгажосць хрысціянскага жыцця, калі яно палягае на прыняцці дабра і адрачэнні ад цемры зла, калі ахоўвае вернасць сваім караням. 

Пантыфік пажадаў, каб багацце Грузіі было вядома і па праву ацэнена, і запэўніў у сваіх малітвах за краіну. “Няхай братэрства і супрацоўніцтва расце на ўсіх узроўнях, няхай малітва і любоў робіць нас усё больш і больш успрымальнымі на гарачае жаданне Пана для ўсіх, хто верыць у Яго праз слова апосталаў: “Каб усе былі адно”, - сказаў на завяршэнне Папа.

Наведанне патрыярхальнага кафедральнага сабора стала апошнім пунктам другога дня прабывання Францішка ў Грузіі і завяршальнай падзеяй грузінскага этапу візіту.








All the contents on this site are copyrighted ©.