2016-09-30 14:04:00

Францішак звярнуўся да грузінскіх палітыкаў і дыпламатаў


Візіт ветлівасці да Прэзідэнта Грузіі і сустрэча з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса сталі чарговым этапам візіту Святога Айца ў Грузію. 30 верасня 2016 г., каля 16.30 па мясцовым часе, Францішак прыбыў у палац кіраўніка дзяржавы. Георгій Маргвелашвілі сустрэў яго пры ўваходзе і суправадзіў у Прэзідэнцкую залу, дзе адбылася іх прыватнай размова. 

Пасля яе Папа правёў сустрэчу з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і дыпламатамі, усяго 400 чалавек, да якіх звярнуўся з прамовай.

Францішак нагадаў, што Грузія – гэта неад’емная частка “еўрапейскай цывілізацыі”, а дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню з’яўляецца “натуральным мастом паміж Еўропай і Азіяй”, “стыкам, які спрашчае камунікацыю і адносіны паміж народамі”.

Папа ўзгадаў, што сёлета Грузія адзначае 25-годдзе незалежнасці. Ён пажадаў, каб шлях “міру і развіцця працягваўся з салідарнай дзейнасцю ўсіх кампанентаў грамадства на карысць стварэння ўмоваў для стабільнасці, роўнасці і павагі за закону, здольных паспрыяць развіццю і павелічэнню магчымасцяў для ўсіх”.

Святы Айцец заўважыў, што неад’емнай умовай сапраўднага і трывалага развіцця з’яўляецца мірнае суіснаванне паміж усімі народамі і дзяржавамі рэгіёну. Яно патрабуе ўмацавання ўзаемных пашаны і разумення, “якія не могуць выключаць павагі да суверэнных прэрагатываў ніводнай з краін, у рамках міжнароднага права”.

Пантыфік нагадаў, што ў многіх частках свету пануе логіка, “якая ўскладняе захаванне законных адметнасцяў і супярэчнасцяў – якія заўсёды могуць узнікаць – у рамках цывілізаванай канфрантацыі і дыялогу, дзе дамінуе разважлівасць, стрыманасць і адказнасць”. “Гэта асабліва патрэбна ў бягучы гістарычны момант, калі існуюць формы гвалтоўнага экстрэмізму, якія маніпуліруюць і скажаюць прынцыпы цывілізаванага і рэлігійнага характару, каб падпарадкоўваць іх цёмным планам панавання і смерці”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што адметнасці не павінны правакаваць насілле. “Любыя адметнасці этнічнага, моўнага, палітычнага або рэлігійнага характару, не павінны выкарыстоўвацца ў якасці падставы для трансфармацыі разыходжанняў у канфлікты, а канфліктаў – у бясконцыя трагедыі. Яны могуць і павінны быць для ўсіх крыніцай узаемнага ўзбагачэння на карысць супольнага дабра”, - сказаў Святы Айцец і заклікаў заклікаў палітыкаў мець перад вачыма пакуты людзей, каб рашуча працягваць “цярплівы і складаны”, а ў той жа час “захапляльны і вызваляючы шлях” будавання міру.

Папа запэўніў, што Каталіцкі Касцёл, “спрадвеку прысутны ў гэтай краіне”, падзяляе радасці і турботы грузінскага народу і жадае зрабіць свой унёсак на карысць дабрабыту і міру гэтай краіны, праз актыўнае супрацоўніцтва з ўладамі і грамадзянскай супольнасцю.

Пасля прамовы Францішак накіраваўся ў Патрыяршы палац на сустрэчу з Каталікосам-Патрыярхам усяе Грузіі Ільёй ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.