2016-09-29 13:26:00

“L’Osservatore Romano”: Лацінская Амерыка і бяспека


Больш 135 тыс. чалавек загінулі ў мінулым годзе ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне, што робіць гэты рэгіён адным з найменш бяспечных месцаў на ўсім зямным шары. Пра гэта піша ватыканская газета. Дадзеныя былі прадстаўлены на арганізаванай нядаўна ў Буэнас-Айрэсе нарадзе экспертаў Міжамерыканскага банка развіцця з 17 краін. Краінамі з самым высокім узроўнем насілля на кантыненце з’яўляюцца Венесуэла, Мексіка і Бразілія.

Па дадзеных “L’Osservatore Romano”, асноўная адказнасць за такое становішча спраў нясуць канфліктуючыя паміж сабой накркакартэлі, але і іншыя банды. Эксперты таксама звярнулі ўвагу на існаванне слабага кіравання і палітычнай нестабільнасці ў многіх краінах рэгіёну, што фактычна робіць немагчымым выкараненне незаконнага абароту наркотыкаў. І гэта, у сваю чаргу, становіцца тормазам эканамічнага развіцця.

Адсутнасць бяспекі і эканамічная нестабільнасць прымусілі многіх мясцовых жыхароў эміграваць у Еўропу і Злучаныя Штаты, каб пазбегнуць злачынстваў. У адпаведнасці з Міжамерыканскім банкам развіцця высокія кошты нестабільнасці звязаны таксама з выдаткамі на ўтрыманне паліцыі, на што ў Лацінскай Амерыцы прызначаецца штогод сума, адпаведная 51 млрд. долараў ЗША.








All the contents on this site are copyrighted ©.