2016-09-29 11:36:00

Святы Айцец сустрэўся з каталіцкімі дабрачынцамі


Пантыфік падзякаваў каталіцкім дабрачынным арганізацыям, якія працуюць у Іраку і Сірыі дапамагаючы мясцоваму насельніцтву. Прымаючы іх прадстаўнікоў 29 верасня 2016 г. у Ватыкане, ён з сумам адзначыў, што, нягледзячы на шматлікія намаганні ў розных галінах, логіка вайны і прыгнёту, цёмныя інтарэсы і насілле працягваюць сеяць хаос у гэтых краінах, а “драматычныя наступствы крызісу ўжо бачныя далёка за межамі рэгіёну”. Гаворка ідзе, перш за ўсё, пра з’яву міграцыі.

“Гледзячы на многія спакутаваныя абліччы людзей у Сірыі і Іраку, у блізкіх і далёкіх да іх краінах, дзе мільёны бежанцаў вымушаны шукаць прытулку і абароны, Касцёл бачыць аблічча свайго Пана падчас Яго Мукі”, - сказаў Пантыфік. Ён дадаў, што праца каталіцкіх дабрачынцаў па аказанні дапамогі гэтым людзям і абароне іх годнасць з’яўляецца адлюстраваннем Божай міласэрнасці і, такім чынам, прыкметай таго, што зло мае межы і што за ім няма апошняга слова.

Больш за неабходную гуманітарную дапамогу, людзі ў Сірыі і Іраку патрабуюць міру, заўважыў Францішак і звярнуўся да міжнароднай супольнасці надаць большую ўвагу ўсяму Блізкаму Усходу і актывізаваць намаганні па дасягненні там міру. Ён прызнаўся, што кожны дзень узносіць малітвы да Бога, каб Ён натхніў розумы і сэрцы палітыкаў адмовіцца ад частковых інтарэсаў на карысць дасягнення большага дабра – міру.

Пантыфік перакананы, што завяршэнне канфлікту знаходзіцца ў руках чалавека. “Кожны з нас можа і павінен стаць міратворцам, таму што кожная сітуацыя насілля і несправядлівасці – гэта рана на целе ўсёй чалавечай сям’і”, - сказаў ён.

Францішак звярнуўся да міжнародных арганізацый, у прыватнасці да ААН, стаць пасярэднікамі паміж рознымі ўрадамі ў справе спынення канфлікту ў інтарэсах безабаронных людзей. “Гэта шлях, які мы павінны прайсці разам з цярпеннем і настойлівасцю, але ў тэрміновым парадку, і Касцёл будзе працягваць уносіць свой уклад”, - падкрэсліў ён.

Хрысціянскім супольнасцям Блізкага Усходу Святы Айцец пажадаў веры, надзеі і любові перад абліччам насілля і страху, мужнай дапамогі тым, хто пакутуе, працы на карысць міру і суіснавання. Ён даверыў іх св. Тэрэзе з Калькуты, якая стала для свету прыкладам любові і міласэрнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.