2016-09-29 15:26:00

Ролю жанчын у Касцёле абмеркавалі ў Ватыкане


Ролю жанчын у Касцёле абмеркавалі па ініцыятыве Кангрэгацыі Веравучэння ў рамках семінару ў Папскім універсітэце “Урбаніянум”. Форум праходзіў 26-28 верасня 2016 г. пры ўдзеле каля пяцідзесяці тэолагаў, гісторыкаў, экспертаў у кананічным праве, законніц і свецкіх верніц з усіх кантынентаў. Падчас цырымоніі адкрыцця семінару да яго ўдзельнікаў звярнуўся кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.

На працягу трохдзённай сустрэчы закраналіся самыя розныя пытанні, звязаныя з служэннем жанчын у Касцёле: гаворка ішла як пра пакліканне жанчын, так і пра канкрэтныя прыклады іх служэння. Гэта тэма разглядалася праз прызму агульнага святарства вернікаў і сакрамэнту сужэнства. Падкрэсліваўся ўклад жанчын у інтэрпрытацыю Святога Пісання, развіццё тэалогіі, фармацыю святароў. Абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з разуменнем Касцёла, як Нявесты і Маці.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць пачуць кранальныя сведчанні аб працы жанчын ў душпастырстве, на місіях, у структурах Рымскай курыі і біскупскіх Канферэнцый, у сферы касцёльнай камунікацыі, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, катэхетычнай і дабрачыннай дзейнасці.

Паводле апублікаванага 29 верасня 2016 г. паведамлення Кангрэгацыі Веравучэння, усе матэрыялы семінару будуць выдадзены для больш шырокага знаёмства з яго вынікамі.  








All the contents on this site are copyrighted ©.