2016-09-28 14:15:00

У Ватыкане прэзентуюць форум на тэму “Вера і спорт”


Прэзентацыя міжнароднай міжрэлігійнай канферэнцыі “Спорт на службе чалавецтву” – першага сусветнага форуму на тэму “Вера і спорт”, пройдзе 4 кастрычніка 2016 г. у Зале Друку Святога Пасаду. Само мерапрыемства, арганізаванае Папскай радай па культуры, адбудзецца з 5 па 7 кастрычніка 2016 г. у Ватыкане.

Падчас прэзентацыі запланаванай сустрэчы выступяць старшыня Папскай рады па культуры кардынал Джанфранка Равазі, падсакратар гэтай ватыканскай дыкастэрыі кс. Мельхіёр Санчэс дэ Тока і-Аламеда, а таксама Крысціян Дойлінгер, прадстаўнік нямецкай страхавой карпарацыі “Allianz”, якая выступае партнёрам канферэнцыі, і Кашыф Сідзікі, футбаліст і сузаснавальнік сусветнага спартыўнага руху “Футбол для міру”.

Цырымонія адкрыцця форуму “Спорт на службе чалавецтву” адбудзецца ўвечары 5 кастрычніка 2016 г. у Зале Паўла VI у Ватыкане. Яе ўзначаліць Святы Айцец у прысутнасці Генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна і старшыні Міжнароднага алімпійскага камітэту Томаса Баха.

Раней, каментуючы ініцыятыву Папскай рады па культуры, кс. Аламеда адзначаў, што канферэнцыя стане спробай “зразумець, як вера і спорт могуць разам спрыяць будаўніцтву інклюзіўнага грамадства, абуджаць у людзях грамадзянскую свядомасць і жаданне працаваць на карысць грамадства, рабіць жыццё больш здаровым, цэласным і дасканалым, каб тым самым супрацьстаяць вялікім выклікам чалавецтва”.








All the contents on this site are copyrighted ©.