2016-09-28 12:54:00

Каталіцкія дабрачынцы дапамагаюць жыхарам Сірыі і Іраку


Ролю і магчымасці каталіцкіх дабрачынных арганізацый у аказанні дапамогі ахвярам ваенных канфліктаў у Сірыі і Іраку абмяркуюць 29 верасня 2016 г. у Рыме ўдзельнікі пятай сустрэчы, прысвечанай гуманітарнаму крызісу на Блізкім Усходзе. Арганізатарам форуму выступае Папская рада “Cor Unum” – ватыканская дыкастэрыя, якая каардынуе гуманітарную дзейнасць Святога Пасаду і Касцёла.

Свой удзел у сустрэчы пацвердзілі каля 40 каталіцкіх дабрачынных структур, ватыканскія дыпламаты ў Сірыі і Іраку, прадстаўнікі мясцовых епіскапатаў, рэлігійных супольнасцяў, якія дзейнічаюць на Блізкім Усходзе. Іх прыме на аўдыенцыі ў Ватыкане папа Францішак. Праца форуму будзе праходзіць у Папскім універсітэце “Урбаніянум”.

Чакаюцца выступленні спецыяльнага пасланніка ААН па Сірыі Стафана дэ Містуры, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна, Апостальскага нунцыя ў Сірыі, арцыбіскупа Марыё Дзэнары і Апостальскага нунцыя ў Іраку, арцыбіскупа Альберта Артэгі, а таксама сакратара Папскай рады “Cor Unum”, арцыбіскупа Джанп’етра Даль Тоза. У ходзе працы ўдзельнікі сустрэчы прааналізуюць “Другое даследаванне адказу рэлігійных арганізацый на гуманітарны крызіс у Іраку і Сірыі ў 2015-2016 гг.”, праведзенае Папскай радай “Cor Unum”.

За 2015-2016 гг. колькасць індывідуальных ахвярадаўцаў, якія супрацоўнічаюць з каталіцкімі структурамі ў дадзеным напрамку, перавысіла 9 млн. Агульная сума ахвяраваных імі сродкаў склала каля 207 млн. долараў у 2015 г. і 196 млн. долараў у 2016 г. Святы Пасад праводзіць актыўную дыпламатычную дзейнасць, накіраваную на ўрэгуляванне сітуацыі на Блізкім Усходзе, і прымае ўдзел у шматлікіх праграмах дапамогі ахвярам.

Ваенныя канфлікты ў Сірыі і Іраку выклікалі найвялікшы за апошнія дзесяцігоддзі гуманітарны крызіс. У іх выніку з 2011 г. звыш 300 тыс. чалавек загінулі і 1 млн. былі паранены. Сёння каля 13,5 млн. жыхароў Сірыі і звыш 10 млн. іракцаў патрабуюць гуманітарнай дапамогі. Вымушанымі перасяленцамі сталі каля 8,7 млн. чалавек у Сірыі і больш за 3,4 млн. у Іраку. Яшчэ амаль 5 млн. сірыйскіх бежанцаў налічваецца на тэрыторыі Блізкага Усходу, перш за ўсё, у Турцыі, Ліване і Іарданіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.