2016-09-27 14:42:00

Францішак: маліцца ў моманты духоўнай пустэчы


Святы Айцец нагадаў пра важнасць цішыні і малітвы ў моманты духоўных выпрабаванняў. Падчас ранішняй Эўхарыстыі у Ватыкане 27 верасня 2016 г. ён спаслаўся на біблійную гісторыю пра Ёва – чалавека, які згубіў усё, але захаваў вернасць Богу.

Паводле Папы, Ёў перажываў перыяд “духоўнай пустэчы” і нягледзячы на ўсе свае перажыванні “выліваў душу” перад Богам, як “сын перад Айцом”, не праклінаючы Яго. Францішак заўважыў, што перыяды духоўных выпрабаванняў перажываюць усе: адны больш, іншыя менш. Гэта стан душы, калі па прычыне “сямейнай трагедыі, хваробы, нечага іншага, што цягне ўніз” усё здаецца цёмным, безнадзейным, знікае нават жаданне жыць далей. 

У такой сітуацыі вельмі важна зразумець “што адбываецца ў нашым сэрцы”. Нехта спрабуе заглушыць такі стан прымаючы станворнае перад сном, “каб аддаліцца ад фактаў”, іншыя аддаюць перавагу таму, каб выпіць “дзве, тры, чатыры кілішкі”. Гэта аднак не дапаможа, падкрэсліў Папа.

Паводле Францішка, першае у чым мае патрэбу чалавек у момант “духоўнай пустэчы”, гэта малітва. “Трэба маліцца, маліцца шмат, як рабіў Ёў, усклікаць днём і ноччу, каб Пан схіліў сваё вуха”, - сказаў Пантыфік і прадставіў у якасці прыкладу малітвы словы 87 псальму. “Так трэба маліцца ў самыя дрэнныя, самыя брудныя, самыя адчайныя моманты, у хвіліны найбольшай прыгнечанасці (...). Гэта значыць маліцца па-сапраўднаму, выліваючы душу, як рабіў Ёў пасля згубы сваіх дзяцей, як дзіцё”, - сцвердзіў Францішак.

Папа таксама заўважыў, што знаходзячыся побач з пакутуючым чалавекам, тым, хто перажывае перыяд духоўнай пустэчы, трэба казаць як мага менш і дапамагаць у маўчанні, блізкасцю, спагадай і малітвай да Айца.

Напрыканцы літургіі Францішак заклікаў вернікаў маліцца, каб атрымаць ад Бога тры ласкі: ласку распазнання “духоўнай пустэчы”, ласку малітвы ў моманты прыгнечанасці і ласку суправаджэння людзей у моманты іх духоўнай пустэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.