2016-09-25 12:12:00

Пантыфік да катэхетаў: з радасцю абвяшчаць уваскрасенне


Абвяшчаць уваскрасенне Хрыста з радасцю і любоўю, без нараканняў і плаксівага скептыцызму ў адносінах да грамадства і Касцёла, заклікаў Святы Айцец удзельнікаў Юбілею катэхетаў, у рамках якога 25 верасня 2016 г. цэлебраваў Эўхарыстыю ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Францішак заклікаў катэхетаў не забываць, што “цэнтрам веры”, “пульсуючым сэрцам, якое дае жыццё ўсяму”, з’яўляецца “пасхальнае пасланне” аб тым, што Езус уваскрос.

“У гэты Юбілей катэхетаў, ад нас патрабуецца не стамляцца ставіць на першае месца галоўнае пасланне веры: Пан Езус уваскрос. Няма нічога больш важнага, грунтоўнага і актуальнага. Увесь змест веры становіцца прыгожым, калі застаецца злучаным з гэтым цэнтрам, калі прасякнуты пасхальным пасланнем. Калі ж ізалюецца ад яго – губляе сэнс і сілу. Мы пакліканы заўсёды жыць і абвяшчаць навіну аб любові Пана, кажучы: “Езус цябе любіць па-сапраўднаму, такім, які ты ёсць. Дай Яму месца: нягледзячы на жыццёвыя расчараванні і раны, дай Яму магчымасць любіць цябе. Ён цябе не расчаруе”, - параіў Францішак.

Пантыфік заклікаў катэхетаў абвяшчаць Хрыста згодна з евангельскай запаведзю: “каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас” (Ян 15,12).

“Менавіта любячы абвяшчаецца Бог-Любоў: не сілай пераканання, не навязваючы праўды і нават не праз упартасць у нейкім рэлігійным або маральным абавязку. Бог абвяшчаецца сустракаючы людзей з увагай да іх гісторыі і шляху, таму што Пан – гэта не ідэя, але жывая Асоба: Яго пасланне праходзіць праз простае і праўдзівае сведчанне, слуханне і адкрытасць, радасць, якая выпраменьваецца. Пра Езуса немагчыма добра распавядаць будучы сумнымі і нельга пераказаць Божую прыгажосць толькі праз цудоўныя казанні. Бог надзеі абвяшчаецца жывучы Евангеллем любові ў сённяшнім кантэксце, без страху сведчыць аб Ім таксама і з дапамогай новых формаў абвяшчэння”, - сказаў Папа.

Спасылаючы да евангельскага літургічнага чытання пра багача і Лазара, якое “дапамагае зразумець, што значыць любіць”, Францішак заўважыў, што Святое Пісанне называе па імені толькі бедняка. Імя ж багатага чалавека застаецца забытым, “бо хто жыве для сябе не робіць гісторыю”, сказаў Папа. Пантыфік папярэдзіў аб небяспецы празмернай засяроджанасці на ўласным свеце, якая нараджае  “моцную слепату” да патрэбаў людзей, што знаходзяцца побач. Менавіта на яе быў хворы багаты чалавек з прыпавесці.

“У яго сэрца ўвайшла марнасць, якая анестэзіруе душу. Марнасць, як “чорная дзірка”, якая паглынае дабро, якая гасіць любоў, бо зацягвае ўсё ва ўласнае я. Такім чынам заўважаецца толькі ілюзорнае і не звяртаецца ўвага на іншых, бо ўзнікае абыякавасць да ўсяго. Хто пакутуе ад гэтай цяжкой слепаты часта набывае “касавокія” паводзіны: з пашанай глядзіць на знакамітых людзей, людзей высокага рангу, якімі захапляецца свет, і адводзіць позірк ад шматлікіх сучасных Лазараў, ад бедных і пакутуючых, якія з’яўляюцца ўмілаванымі Пана”, - падкрэсліў Францішак.

Папа заўважыў, што Лазар зносіў сваю беднасць з вялікай годнасцю: “з яго вуснаў не выходзілі нараканні, пратэсты або словы пагарды”. Гэты прыклад, каштоўны таксама і для катэхетаў, лічыць Святы Айцец.

“Як слугі слова Езуса мы пакліканы не рабіць усё на паказ і не шукаць хвалы; мы не можам таксама быць сумнымі і плаксівымі. Мы не з’яўляемся прарокамі няшчасця, якія знаходзяць задавальненне ў выкрыванні небяспекаў ці ўхіленняў; людзьмі, якія акапываюцца ва ўласных асяроддзях, пасылаючы горкія суджэнні аб грамадстве, Касцёле, аб усім і ўсіх, забруджваючы свет негатывам. Плаксівы скептыцызм не ўласцівы тым, хто мае блізкія адносіны з Божым Словам”, - адзначыў Папа.

Па словах Святога Айца, хто абвяшчае надзею Езуса, з’яўляецца “носьбітам радасці і дальназоркім, бо здольны глядзець далей за зло і праблемы”, а ў той жа час “умее бачыць блізка, таму што ўважлівы да таго, хто побач і яго патрэбаў”.

“Пан сёння аб гэтым нас просіць: перад абліччам шматлікіх Лазараў, якіх бачым, мы пакліканы патурбавацца аб пошуку шляхоў для сустрэчы з імі і дапамогі ім, не дэлегуючы гэтага заўсёды іншым або кажучы: “дапамагу цябе заўтра, сёння не маю часу”. Час для дапамогі іншым – гэта час падораны Езусам, гэта любоў, якая застанецца: гэта наш нябесны скарб, аб якім мы клапоцімся тут, за зямлі”, - дадаў Пантыфік.

Юбілей катэхетаў працягваўся ў Рыме 23-25 верасня 2015 г. У ім прынялі ўдзел каля 15 тыс. чалавек з розных краін свету. Акрамя літургіі з Папам, яны мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту споведзі ў “юбілейных базыліках” і прайсці праз Святыя Дзверы галоўнай ватыканскай святыні.








All the contents on this site are copyrighted ©.