2016-09-25 13:31:00

Ватыканскі дыпламат: парушаюцца правы пажылых людзей


Да 2050 г. колькасць пажылых людзей у свеце дасягне 2 млрд. і перавысіць колькасць дзяцей да 15-гадовага ўзросту, заўважыў арцыбіскуп Іван Юркавіч, Пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе на пасяджэнні 33-й рэгулярнай сесіі Рады па правах чалавека, якая праходзіць 12-30 верасня 2016 г.

Прадстаўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што колькасць пажылога насельніцтва ў свеце павялічваецца самымі хуткімі тэмпамі, у параўнанні з усімі іншымі ўзроставымі катэгорыямі. У той жа час назіраецца дыскрымінацыя пажылых людзей і праблемы ў гарантаванні іх правоў на медыцынскую дапамогу, працу, сацыяльнае забеспячэнне, доступ да правасуддзя.

Гэтыя праблемы выклікаюць “сур’ёзную занепакоенасць Апостальскай Сталіцы”, падкрэсліў арцыбіскуп Юркавіч. У стварэнні бягучай сітуацыі, паводле яго слоў, вінавана “культура адчужэння”, якая разглядае людзей толькі праз прызму іх карыснасці для вытворчасці. Таму “пажылыя людзі, губляючы сваё месца ў грамадстве, часта адчуваюць сябе бескарыснымі і самотнымі”, заўважыў прадстаўнік Святога Пасаду.

Дыпламат нагадаў, што адной з распаўсюджаных праблем пажылога насельніцтва з’яўляецца беднасць і маленькія пенсіі, якіх нярэдка не хапае на самае неабходнае. У сферы аховы здароўя пажылымі людзьмі з хранічнымі або цяжкімі хваробамі часта пагарджаюць, заўважыў прадстаўнік Папы і прапанаваў павысіць датацыі для сем’яў, каб яны былі ў стане забяспечыць клопат аб пажылых асобах у сваіх дамах.








All the contents on this site are copyrighted ©.