2016-09-24 16:09:00

Папа да аргентынскіх вернікаў: заўважаць Бога ў пакутуючых


Неабходна быць уважлівымі да Бога, каб аказаць Яму дапамогу, калі Ён праходзіць побач у постаці прыгнечанага, эксплуатуемага, расчараванага, хворага ці пакутуючага ад якой-небудзь іншай патрэбы, заклікаў папа Францішак святароў аргентынскай дыяцэзіі Кільмес, на ўсходзе краіны. Святы Айцец скіраваў віншавальнае пасланне з нагоды яе 40-гадовага юбілею.

Папа заклікаў духавенства быць удзячным Богу за дар пакліканняў, якімі Ён працягвае адараць дыяцэзію да сённяшняга дня.

“Хрысціянская супольнасць жыве і штодзённа здзіўляецца міласэрнай любові Бога, будучы здольнай распазнаваць яе і выходзіць ёй насустрач”, - гаворыцца ў папскім пасланні. Такой сустрэчай з Панам, па словах Пантыфіка, павінна станавіцца дапамога прыгнечаным, эксплуатуемым, расчараваным, хворым і церпячым. І тады Бог “напоўніць вас сваёй моцай і ўнутранай радасцю, здольнай аднавіць і дасягнуць еднасці”, запэўніў Францішак.

Святы Айцец таксама скіраваў віншаванні жыхарам горада Інхеньера-Якабачы, у цэнтральнай частцы Аргентыны, з нагоды 100-годдзя яго заснавання. Гэта мястэчка носіць імя Гвіда Амедэа Якабачы – італьянскага інжынера, які кіраваў працамі па правядзенні ў горад чыгункі. Пантыфік пажадаў, каб для “такіх аддалённых мясцін значныя даты станавіліся нагодамі для асаблівага святкавання, сустрэчы, дзялення, памяці” і запрасіў вернікаў горада падтрымліваць “творчую салідарнасць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.