2016-09-24 13:00:00

Пантыфік пра важнасць служэння законніц у шпіталях


Пазбаўленне законніц магчымасці працаваць у шпіталях нярэдка суправаджаецца стварэннем балючага недахопу ў чалавечнасці, па-сапраўднаму недапушчальнага ў месцах пакутаў, адзначыў Святы Айцец 24 верасня 2016 г., прымаючы на аўдыенцыі каля 130 законніц з кангрэгацыі Шпітальных Сясцёр Міласэрнасці – жаночай манаскай супольнасці, місія якой заключаецца ў працы ў медыцынскіх установах.

Слова Пана можа змяняць жыццё таго, хто становіцца Яго вучнем. Красамоўным прыкладам гэтага з’яўляецца жыццё Слугі Божай Тэрэзы Арсіні Дорыі Памфіліі Ландзі – свецкай верніцы з заможнай рымскай сям’і, якая, кіруючыся словамі Езуса: “быў хворы, і вы адведалі Мяне”, заснавала кангрэгацыю Шпітальных Сясцёр Міласэрнасці, заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што “перад абліччам слабасці хваробы не можа існаваць адметнасцяў па сацыяльным, расавым, моўным і культурным прынцыпе; усе мы становімся слабымі і павінны даверыцца іншым”. Паводле яго слоў, Касцёл лічыць сваім заданнем і абавязкам блізкасць да пакутуючых. Ён нагадаў, што, “каб рабіць гэта, не трэба доўгіх прамоў”, а дастаткова “пяшчотнага дотыку, пацалунку, маўклівай прысутнасці побач, усмешкі”.

Святы Айцец заклікаў законніц не апускаць рукі перад абліччам шматлікіх цяжкасцяў, з якімі яны вымушаны сустракацца ў кантэксце секулярызаванага грамадства.

“Часам, у нашыя дні, антыклерыкальная культура імкнецца прыбраць з шпіталёў усе спасылкі да рэлігіі, пачынаючы ад прысутнасці ў іх законніц. Калі так здараецца, гэта нярэдка суправаджаецца балючым недахопам у чалавечнасці, па-сапраўднаму недапушчальным у месцах пакутаў. Не стамляйцеся быць сяброўкамі, сёстрамі і маці для хворых”, - пажадаў Папа.

Францішак нагадаў, што ў кожным чалавеку, які апынуўся на шпітальным ложку, прысутнічае Езус і просіць аб дапамозе. “Часам можна падумаць: “Некаторыя хворыя па-сапраўднаму надакучваюць!”. Але таксама і мы надакучваем Пану, а Ён мае цярплівасць і нас суправаджае. Блізкасць Езуса да самых слабых няхай будзе вашай сілай”, - пажадаў Святы Айцец. 

Кангрэгацыя Шпітальных Сясцёр Міласэрнасці была заснавана ў 1826 г. у Рыме. На сённяшні дзень яна налічвае каля 380 законніц, якія працуюць у Італіі, Швейцарыі, Польшчы, Аргентыне, ЗША, Камеруне, Мадагаскары, Нігерыі, Індыі і Філіпінах.








All the contents on this site are copyrighted ©.