2016-09-23 15:13:00

Змены ў парадку прызнання сапраўднасці цудаў


Апостальская Сталіца апублікавала 23 верасня 2016 г. новы Рэгламент медыцынскай камісіі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, якая праводзіць даследванні адносна сапраўднасці цудаў, здзейсненых праз заступніцтва кандыдатаў да хвалы алтара. Дакумент быў зацверджаны 24 жніўня 2016 г. кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам “de mandato Summi Pontificis”.

Новаўвядзенні тычацца абмежавання колькасці даследаванняў магчымых цудаў: кожны такі выпадак можа падвяргацца экспертызе не больш за тры разы. Акрамя таго, кожны наступны аналіз павінна праводзіць медыцынская камісія ў новым складзе. Старшыня медыцынскай камісіі, які абіраецца тэрмінам на пяць гадоў, можа паўторна заняць дадзеную пасаду толькі аднойчы.

Службовую тайну ва ўсім, што датычыць магчымага цуда, абавязаны захоўваць усе ўдзельнікі працэсу – пастулятары, суддзі, эксперты і супрацоўнікі Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. Аплата паслугаў экспертаў павінна ажыцяўляцца выключна банкаўскім пераводам.

Праца над стварэннем новага Рэгламенту пачалася ў верасні 2015 г. Для гэтага была склікана спецыяльная камісія з сямі чалавек на чале з сакратаром Кангрэгацыі па справах Кананізацыі арцыбіскупам Марчэла Барталучы. 

Прадстаўляючы дакумент, іерарх падкрэсліў, што “цуды, якія адбываюцца праз заступніцтва святых, з’яўляюцца знакам прысутнасці Бога ў гісторыі і адначасова пацверджаннем іх святасці, праяўленай у мучаніцтве за веру і мужнай абароне хрысціянскіх каштоўнасцяў”. “Спрадвеку Касцёл быў перакананым, што цуды святых – гэта “палец Божы”, які “ратыфікуе”, калі так можна сказаць, чалавечае суджэнне аб святасці іх жыцця”, - дадаў ён.

Папярэдняя рэдакцыя Рэгламенту, якая была дзейснай да сённяшняга дня, была зацверджана ў 1976 г. папам Паўлам VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.