2016-09-22 10:59:00

Папа да журналістаў: не ўмацоўваць страх перад мігрантамі


Любіць праўду, не падпарадкоўваць сваю дзейнасць аднабаковым інтарэсам і паважаць чалавечую годнасцю, заклікаў Святы Айцец членаў Нацыянальнай рады Ордэна журналістаў – італьянскай асацыяцыі прафесійных работнікаў сферы камунікацыі. У аўдыенцыі, якая прайшла 22 верасня 2016 г. ў Ватыкане прынялі ўдзел каля 400 чалавек. 

У прамове да іх Папа заўважыў, што “існуе мала прафесій, якія маюць такі ўплыў на грамадства, як прафесія журналіста”. Журналістыка з’яўляецца “нясучым стаўпом, фундаментальным элементам для жыцця свабоднага і плюралістычнага грамадства”. 

Францішак заклікаў працаўнікоў СМІ, пасярод бясконцых “тэрмінаў здачы” матэрыялаў, прынамсі на кароткі час спыняцца і разважаць над тым, “што” робяць і “як” робяць. Ён заўважыў, што адным з фундаментальных элементаў працы журналіста з’яўляецца “любоў да праўды”, сумленнасць перад “самім сабой і іншымі”, хоць “пазнаць праўду, ці прынамсі наблізіцца да яе” бывае складана ў сучасным патоку інфармацыі.

“У жыцці не ўсё чорнае і белае. Таксама і ў журналісцкай сферы трэба быць здольнымі адрозніваць адценні шэрага ў падзеях, аб якіх вы пакліканы распавядаць. Палітычныя дэбаты і нават канфлікты, рэдка з’яўляюцца вынікам відавочных працэсаў, дзе можна ясна і недвухсэнсоўна зразумець, хто вінаваты і хто мае рацыю. Суперніцтва і часам сутыкненні па сутнасці ўзнікаюць менавіта з-за гэтай цяжкасці злучэння розных пазіцый. Гэта праца – можам сказаць нават місія – журналіста, адначасова складаная і неабходная: дайсці як мага бліжэй да фактычнай праўды і ніколі не казаць і не пісаць пра тое, аб чым у сумленні ведаем, што з’яўляецца няпраўдай”, - сказаў Папа.

Прафесіяналізм журналіста, акрамя захавання этычнага кодэксу, заключаецца таксама ў здольнасці надаваць глыбокі ўнутраны сэнс уласнай працы, “не падпарадкоўваць сваю прафесійную дзейнасць логіцы аднабаковых інтарэсаў, як эканамічных так і палітычных”, заўважыў Святы Айцец.

“Заданне журналістыкі, дазволю сабе сказаць яе пакліканне, у тым, каб праз увагу, клопат аб пошуку праўды дапамагчы ўзрастаць сацыяльнаму вымярэнню чалавека, спрыяць будаванню грамадзянскай адказнасці. У гэтай шырокай перспектыве, дзейнічаць прафесійна значыць не толькі адказваць на турботы, няхай і законныя, адной катэгорыі, але клапаціцца пра лучнасць структуры дэмакратычнага грамадства. Нас заўсёды павінна прымушаць задумацца тое, што на працягу гісторыі, дыктатуры рознай накіраванасці і рознага “колеру” пастаянна імкнуліся не толькі падпарадкаваць сродкі камунікацыі, але таксама і навязаць новыя правілы журналістыцы”, - дадаў ён.

Папа заклікаў працаўнікоў СМІ памятаць, што іх “голас можа дасягнуць кожнага, а гэта вельмі моцная зброя”. 

“Апублікаваны сёння артыкул, заўтра будзе заменены іншым, а жыццё несправядліва абгаворанага чалавека можа быць знішчана назаўсёды. Канешне – крытыка з’яўляецца законнай, як і асуджэнне зла, але гэта павінна рабіцца з павагай да іншага, яго жыцця, яго пачуццяў. Журналістыка не можа стаць “зброяй знішчэння” людзей і нават народаў. Яна не павінна ўмацоўваць страх перад зменамі ці феноменамі, такімі як вымушаная міграцыя ад вайны і голаду”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне аўдыенцыі Святы Айцец пажадаў, каб журналістыка была “канструктыўнай прыладай, фактарам супольнага дабра, паскарыцелем працэсаў прымірэння; каб здолела адхіляць спакусу правакавання канфліктаў праз выказванні, якія распальваюць полымя падзелаў, і каб садзейнічала культуры сустрэчы".








All the contents on this site are copyrighted ©.