2016-09-20 19:00:00

Францішак: вайна не можа быць святой – толькі мір


Вызнаўцы рэлігій не могуць заставацца абыякавымі да прагнення міру, якое мае змучанае канфліктамі чалавецтва і павінны станавіцца сапраўднымі будаўнікамі супакою, адзначыў Святы Айцец падчас заключнай цырымоніі Сусветнага дня малітвы за мір. Яна прайшла вечарам 20 верасня 2016 г. на плошчы перад базылікай св. Францішка ў Асізі. 

Прамове Папы папярэднічалі звароты Патрыярха Канстантынопальскага Барталамея І, прадстаўнікоў юдаізма, будызму і іслама, а таксама сведчанне бежанкі з Сірыі.

Звяртаючыся да прысутных Францішак заўважыў, што Бог патрабуе ад вызнаўцаў рэлігій перамагчы самую вялікую хваробу нашага часу: абыякавасць – вірус, які паралізуе, робіць інертнымі і неадчувальнымі, закранае рэлігіі і становіцца новай формай ідалапаклонства.

Папа нагадаў, што ў многіх краінах людзі "пакутуюць ад войнаў, часта забытых, але якія з’яўляюцца прычынай болю і беднасці". “Яны добра ведаюць, лепш за моцных, што няма ніякай будучыні ў вайне і што насілле зброі знішчае радасць жыцця”, - сказаў ён.

Па словах Францішка, мір, аб якім просяць у Асізі – гэта не проста пратэст супраць вайны і тым больш не “вынік перамоваў, палітычных кампрамісаў ці эканамічных саступак”. Ён паходзіць ад Бога і з’яўляецца плёнам малітвы. Мір не можа ўзнікнуць там, дзе пануе “пустыня пыхлівасці і прыватных інтарэсаў”, дзе прыбытку дабіваюцца любым коштам і з дапамогай гандлю зброяй, дадаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што адметнасці паміж рэлігіямі не павінны станавіцца прычынамі канфліктаў, палемікі або халоднага адчужэння. “Сёння мы маліліся не адзін супраць аднаго, як часам і нажаль здаралася ў гісторыі. Без сінкрэтызму і рэлятывізму мы маліліся адзін побач з адным, адзін за аднаго”, - сказаў ён і падкрэсліў, што ніякія формы насілля не прадстаўляюць “сапраўднай прыроды рэлігіі, але з’яўляюцца яе фальсіфікацыяй і садзейнічаюць яе знішчэнню”. “Будзем нястомна паўтараць, што імя Бога ніколі не можа апраўдаць насілля. Толькі мір святы, а не вайна!”, - сцвердзіў Францішак.

Папа заклікаў да канкрэтнай дзейнасці на карысць міру, а не “віртуальнага падыходу тых, хто асуджае ўсё і ўсіх за клавіятурай камп'ютэра, не адкрываючы вачэй на патрэбы братоў і не пэцкаючы рук дзеля тых, хто знаходзіцца ў патрэбе”. Наш шлях – гэта занурэнне ў сітуацыі і наданне прыярытэту пакутуючым; прыняцце на сябе канфліктаў і лячэнне іх знутры, адзначыў ён.

Святы Айцец адзначыў, што мір прадугледжвае прабачэнне, гасціннасць, супрацоўніцтва і адукацыю. “Веруючыя людзі – гэта будаўнікі міру ў малітве да Бога і дзейнасці на карысць чалавека!”, - сказаў Папа і звярнуўся да палітычных лідэраў краін, каб “не стамляліся шукаць шляхі міру і спрыяць ім, гледзячы далей за прыватныя і маментальныя інтарэсы”. 

Пасля прамовы Францішка, удзельнікі Сусветнага дня малітвы за мір ушанавалі хвілінай маўчанння ўсіх ахвяр войнаў і тэрарызму. 








All the contents on this site are copyrighted ©.