2016-09-20 17:00:00

Папа заклікаў хрысціян напоўніць свет "кіслародам любові"


Хрысціяне пакліканы быць “дрэвамі жыцця”, якія ўцягваюць у сябе "выхлапы абыякавасці і вяртаюць у свет кісларод любові", адзначыў Святы Айцец падчас экуменічнай малітвы, якая прайшла 20 верасня 2016 г. у Ніжняй базыліцы св. Францішка ў Асізі ў рамках Сусветнага дня малітвы за мір.

У сваім разважанні Пантыфік спаслаўся на вокліч укрыжаванага Хрыста: “Прагну” (Ян 19,28), які тычыцца не толькі вады, але перш за ўсё чалавечай любові. Паводле слоў Святога Айца, прагненне і драму Хрыста глыбока разумеў св. Францішак Асізскі, які гучна плакаў па прычыне “Любові, якую не палюбілі”, а таксама Маці Тэрэза з Калькуты, якая адказала на яе канкрэтным клопатам аб бедных.

“Задаволіць прагу любові Езуса на крыжы праз служэнне самым бедным з бедных – гэта быў яе адказ. Сапраўды, Пан спрагнёны па нашай спагадлівай любові. Ён атрымлівае суцяшэнне, калі ў Яго імя, пахіляюцца над беднасцю іншых. Падчас Суду ён назаве “благаслаўлёнымі” тых, хто напаіў прагнучых, хто аказаў канкрэтную любоў патрабуючым: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25,40), - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў пачуць у спрагнёным воклічы Хрыста голас пакутуючых, бязмоўны крык нявінных немаўлятаў, якім забараняюць прыйсці на свет, ціхую малітву бедных і патрабуючых міру. Іх сітуацыя з’яўляецца выклікам для хрысціян, пакліканых несці міласэрнасць у свет, лічыць Папа.

“На крыжы, дрэве жыцця, зло перамянілася ў дабро. Таксама і мы, вучні Укрыжаванага, пакліканы быць “дрэвамі жыцця”, якія ўцягваюць у сябе выхлапы абыякавасці і вяртаюць у свет кісларод любові. З боку Хрыста на крыжы выцякала вада, сімвал Духа, які дае жыццё. Таксама і з нас, вернікаў, павінна выцякаць спачуванне да ўсіх сучасных спрагнёных”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне свайго разважання Папа заўважыў, што дзякуючы сумеснай дапамозе сучасным “укрыжаваным” можа яшчэ больш узрасці гармонія і адзінства паміж усімі вызнаўцамі Хрыста.

Падчас малітвы ўзгадваліся 28 краін, у якіх трываюць канфлікты, існуе напружанасць, вядуцца войны. Сярод іх: Афганістан, Паўднёвая і Паўночная Карэя, Венесуэла, Мексіка, Калумбія, Ірак, Сірыя, Паўднёвы Судан, Украіна, Емен, Святая Зямля і іншыя краіны. За кожную з іх запальвалася свеча.

Адначасова з экуменічнай малітвай хрысціян, у розных частках Асізі аб міры маліліся прадстаўнікі іншых рэлігій.








All the contents on this site are copyrighted ©.