2016-09-20 12:14:00

Пантыфік: войны пачынаюцца ў сэрцы чалавека


Адчуць сорам за войны, якія вядуцца ў свеце і не затыкаць вушы на крык людзей, якія пакутуюць ад бамбардзіраванняў і не атрымліваюць гуманітарную дапамогу, заклікаў Святы Айцец 20 верасня 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Літургія папярэднічала аднадзённаму візіту Пантыфіка ў горад св. Францішка, з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір. “Сёння, мужчыны і жанчыны ўсіх рэлігій накіруюцца ў Асізі. Не для таго, каб зрабіць шоў: проста, каб памаліцца і памаліцца аб міры”, - пачаў сваю гамілію Папа. Ён нагадаў, што заклікаў біскупаў ва ўсім свеце арганізаваць малітоўныя сустрэчы, на якіх хрысціяне разам з усімі людзьмі добрай волі, незалежна ад іх веравызнання, змогуць маліцца аб міры, таму што “свет прабывае ў стане вайны!”. “Свет пакутуе!”, - дадаў Францішак.

“Першае чытанне сёння завяршаецца так: “Хто затыкае вушы на крык беднага, сам закрычыць – і не будзе пачуты”. Калі мы сёння закрыем вушы на крык гэтых людзей, якія пакутуюць пад бомбамі, якія пакутуюць ад злоўжыванняў гандляроў зброяй, можа здарыцца так, што калі закране нас – не будзем пачуты. Мы не можам затыкаць вушы на балючы крык гэтых нашых братоў і сясцёр, якія пакутуюць ад вайны”, - сказаў Папа.

Па словах Францішка, у многіх частках свету "вайны не бачна". “Нас палохаюць некаторыя тэрарыстычныя напады”, але “гэта непараўнальна з тым, што здараецца ў краінах, на землях, дзе днём і ноччу падаюць і падаюць бомбы” і “забіваюць дзяцей, пажылых людзей, мужчын, жанчын”. Вайна, паводле Папы, вельмі блізка і тычыцца кожнага з нас, таму што пачынаецца ў чалавечых сэрцах.

Святы Айцец заклікаў маліцца, каб Бог адарыў усіх людзей, незалежна ад іх веравызнання, спакоем у сэрцы, пазбавіў сквапнасці, хцівасці, жадання барацьбы, каб іх сэрцы сталі сэрцамі людзей міру. “Бог з’яўляецца Богам міру. Не існуе бога вайны: войны стварае злы, д’ябал, які жадае забіць усіх!”, - дадаў Папа.

Францішак скіраваў свае думкі таксама да людзей, у тым ліку дзяцей і пажылых, да якіх не можа патрапіць гуманітарная дапамога: прадукты харчавання і лекі, таму што “бомбы перашкаджаюць гэтаму”. 

“Падчас сённяшняй малітвы, было б добра, каб кожны з нас адчуў сорам. Сорам за тое, што людзі, нашы браты, здольныя рабіць такое. Сёння дзень малітвы, пакаяння, плачу аб міры, дзень, каб пачуць крык беднага. Няхай гэты крык адкрые нашы сэрцы на міласэрнасць, любоў і выбавіць ад эгаізму”, - сказаў на заканчэнне сваёй гаміліі Папа. 








All the contents on this site are copyrighted ©.