2016-09-16 14:24:00

Святы Айцец даў парады новапрызначаным біскупам


Свет стаміўся ад святароў і біскупаў, якія адпавядаюць модзе. Божы народ мае асаблівае “чуццё” і аддаляецца, калі распазнае "закаханых у сябе, маніпулятараў, абаронцаў уласных інтарэсаў, герольдаў марных крыжовых паходаў”. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да 154 біскупаў, якія атрымалі сакру на працягу бягучага году. 

16 верасня 2016 г. яны прыбылі ў Ватыкан у рамках навучальнага курса, арганізаванага для іх Кангрэгацыяй па справах Біскупаў і Кангрэгацыяй па справах Усходніх Касцёлаў.

У сваёй доўгай прамове Пантыфік закрануў розныя аспекты біскупскага служэння. У першую чаргу ён заклікаў, каб Божая міласэрнасць пранікла ў душпастырства, гэта значыць стала “даступнай, датыкальнай, дасяжнай”. Менавіта міласэрнасць, паводле яго слоў, павінна фармаваць душпастырскія структуры Касцёла. Гэта, аднак, не азначае “зніжэнне патрабаванняў" або "разбазарвання" пярлінаў.

Біскупы павінны быць здольнымі прыцягваць людзей нашай эпохі да Бога без “нараканняў”, “выпрабоўваючы розныя сродкі, каб дайсці да іх” або каб “вярнуць іх”, у тым ліку дзякуючы адмысловым шляхам ініцыяцыі. “Сёння патрабуюць зашмат плёнаў ад дрэваў, якія не былі дастаткова дагледжаны”, - вобразна сказаў Папа. 

Францішак заклікаў біскупаў клапаціцца аб выхаванні святароў, робячы стаўку на “якасць вучняў”, а не на “колькасць” семінарыстаў, а таксама з асцярогай і адказнасцю прымаць святароў у дыяцэзіі. Папа пажадаў, каб новыя біскупы былі блізкімі да духавенства, да тых, каго Бог “выпадкова” пасылае на іх шляху, да сем’яў з іх “слабасцямі”.

Навучальныя курсы для новапрызначаных біскупаў праходзяць у Ватыкане штогадова. Яны адбываюцца ў фармаце лекцый і дыскусій па тэалагічных, душпастырскіх і духоўных аспектах біскупскага служэння. Акрамя таго, гаворка на іх ідзе пра практычныя пытанні адміністрацыйнага, прававога і медыйнага характару, а таксама пра выклікі, якія ставіць міжрэлігійны і экуменічны дыялог.








All the contents on this site are copyrighted ©.