2016-09-16 14:39:00

Пантыфік сустрэнецца з сем'ямі ахвяр тэракту ў Ніцы


Святы Айцец сустрэнецца з сваякамі ахвяр тэракту ў французскай Ніцы. Аўдыенцыя адбудзецца 24 верасня 2016 г. у ватыканскай Зале Паўла VI, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Тэрарыстычны напад у Ніцы быў здзейснены 14 ліпеня 2016 г. Грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых. Ахвярамі злачынства сталі 86 чалавека, яшчэ каля 300 атрымалі раненні. 

Даведаўшыся аб трагедыі Францішак патэлефанаваў мэру Ніцы Крысціяну Эстразі. Ён выказаў свой боль з прычыны тэракту, які “параніў” гэты горад, і спытаў, ці можа нейкім чынам дапамагчы яго жыхарам. Папа таксама паведаміў, што ў любы момант гатовы сустрэцца ў Ватыкане з сем’ямі загінулых.

Пасля размовы мэр напісаў у “Twitter”: “Я ўзрушаны званком ад Папы, які патэлефанаваў, каб запэўніць у сваіх малітвах за жыхароў Ніцы і сем’і загінулых”.

Трэба нагадаць, што 14 верасня 2016 г. Ватыкан наведала дэлегацыя з Руанскай дыяцэзіі, дзе 26 ліпеня 2016 г. тэрарыстамі быў забіты каталіцкі святар кс. Жак Амель. Разам з імі Пантыфік маліўся ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.