2016-09-14 12:22:00

Пантыфік: да навяртання праз адкрыццё міласэрнасці Бога


Пастыры Касцёла павінны не аддаляцца ад народу, а наследаваць прыклад Хрыста, які знаходзіўся сярод бедных, каб дарыць ім Божае збаўленне, адзначыў папа Францішак 14 верасня 2016 г. падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра.

У сваёй катэхезе Францішак нагадаў, што Хрыстус стаў блізкім усім, асабліва самым бедным. “Ён быў пастырам, які знаходзіўся сярод людзей, сярод бедных. Ён кожны дзень працаваў з імі. Езус не быў князем. Дрэнна, калі ў Касцёле пастыры становяцца як князі, аддалённымі ад людзей, аддалённымі ад самых бедных: гэта не дух Езуса. Такіх пастыраў Езус папракаў і пра такіх пастыраў Езус казаў людзям: “Рабіце тое, што яны кажуць, але не тое, што яны робяць”, - сказаў Папа.  

Каментуючы евангельскі ўрывак, у якім Езус кліча ісці за сабой простых і абцяжараных складаным жыццём людзей, абяцаючы, што ў Ім знойдуць спакой і адпачынак, Францішак заўважыў, што гэты заклік скіраваны ў імператыўнай форме: “прыйдзіце да Мяне”, “вазьміце ярмо Маё” і “навучыцеся ад Мяне” (пар. Мц 11,28-30).

Стомленыя і абцяжараныя, да якіх звяртаецца Езус “не могуць разлічваць на ўласныя сродкі, на важныя сяброўствы”. Яны могуць пакладаць надзею толькі на Бога. Яны ўсведамляюць “свой сціплы і мізэрны стан”, умеюць “залежаць ад міласэрнасці Пана”, чакаючы ад Яго “адзінай магчымай дапамогі”. Так яны становяцца Ягонымі вучнямі, атрымліваючы абяцанне знасці спакой на ўсё сваё жыццё. 

Гэта абяцанне, паводле Папы, напрыканцы Евангелля пашыраецца на “ўсе народы” і з'яўляецца асабліва актуальным у кантэксце Святога Году, калі “ва ўсіх катэдрах, санктуарыях, у многіх касцёлах, шпіталях, турмах свету” пілігрымы праходзяць праз Брамы Міласэрнасці з адной дакладнай мэтай:

“Каб знайсці Езуса, каб знайсці сяброўства з Езусам, каб знайсці спакой, які толькі Езус дае. Гэты шлях выяўляе навяртанне кожнага вучня, які пачынае ісці за Езусам. А навяртанне заўсёды заключаецца ў адкрыцці міласэрнасці Пана. Гэта міласэрнасць: бясконцая і невычэрпная. Гэта вялікая міласэрнасць Пана”, - сказаў Папа.
 
Бяручы на сябе “ярмо Езуса”, заўважыў Пантыфік, кожны вучань уваходзіць у адзінства з Ім, бо Хрыстус – гэта “цэнтр іх адносін з Богам”. “Езус накладае на сваіх вучняў ярмо, у якім Закон знаходзіць сваё спаўненне. Ён хоча навучыць іх, што пазнаюць Божую волю праз Яго асобу: праз Езуса, а не праз халодныя законы і прадпісанні, якія сам Езус асуджаў”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што Хрыстус не быў “настаўнікам, які з строгасцю накладаў на іншых цяжары, якія сам не насіў”. Ён звяртаўся да пакорных, малых, бедных, патрабуючых, бо сам – на сваім шляху збаўлення чалавецтва – стаў “бедным і спазнаў пакуты”, бяручы на сябе “боль і грахі ўсяго чалавецтва”.

“Таксама і ў нас здараюцца моманты стомленасці і расчаравання. Таму будзем памятаць гэтыя словы Пана, які даюць нам вялікае суцяшэнне і дапамагаюць зразумець ці накіроўваем свае сілы на службу дабру. Сапраўды, часам наша стомленасць выклікана даверам да рэчаў, якія не істотныя, аддаленнем ад таго, што па-сапраўднаму важнае для жыцця. Пан вучыць нас не баяцца ісці за Ім, бо надзея, якую пакладаем на Яго, не расчаруе. Мы пакліканы навучыцца ад Яго, што значыць жыць міласэрнасцю, каб быць прыладамі міласэрнасці”, - адзначыў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў вернікаў не дазволіць пазбавіць сябе радасці быцця вучнямі Пана, не дазволіць скрасці надзеі на тое, каб пражыць гэта жыццё разам з Ім і сілай Яго суцяшэння.








All the contents on this site are copyrighted ©.