2016-09-13 14:57:00

Святы Айцец прывітаў cпартсменаў-паралімпійцаў


Святы Айцец прывітаў спартсменаў-паралімпійцаў праз свой профіль у сацыяльнай сетцы “Twitter”. “Вітаю ўсіх спартсменак і спартсменаў, якія ўдзельнічаюць у Паралімпійскіх гульнях: няхай спорт будзе нагодай для росту і сяброўства”, - пажадаў Францішак.

XV Паралімпійскія летнія гульні праходзяць у Рыа-дэ-Жанейра 7-18 верасня 2016 г. У іх прымае ўдзел каля 4300 няпоўнаспраўных спартсменаў з 162 краін свету.

Два гады таму, сустракаючыся з членамі Італьянскага паралімпійскага камітэта, Пантыфік адзначаў, што “спартсмены з інваліднасцямі – гэта прыклад таго, што спорт дапамагае пераадольваць любыя бар’еры” і “доказ таго, што ў кожным чалавеку ёсць патэнцыял, які мы часам не ўяўляем і які можа развіцца дзякуючы даверу і салідарнасці”. 

Трэба нагадаць, што свет спорту займаў асаблівае месца ў сэрцы Святога Айца на працягу жніўня. У гэты "алімпійскі" месяц ён заклікаў вернікаў маліцца, каб “спорт быў магчымасцю для братэрскай сустрэчы паміж народамі і ўносіў свой уклад у справу міру ва ўсім свеце”.

“Спорт дазваляе будаваць культуру сустрэчы сярод усіх для міру ва ўсім свеце. Я мару пра спорт, як практыкаванне чалавечай годнасці, як ператварэнне ў сродак братэрства. Ці мы жадаем ажыццявіць гэты намер разам, каб спорт стаў магчымасцю для сяброўскіх сустрэч паміж людзьмі і мог спрыяць усталяванню міру ва ўсім свеце?”, - пытаўся Францішак у адмысловым відэа-роліку, размешчаным на ватыканскім канале ў “YouTube”.








All the contents on this site are copyrighted ©.