2016-09-13 12:28:00

Святы Айцец: перамагчы культуру абыякавасці


Будаваць сапраўдную культуру сустрэчы, якая пераможа культуру абыякавасці, заклікаў 13 верасня 2016 г. папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне пра сустрэчу Езуса з маці памерлага юнака з Наіну і здзейнены Ім цуд уваскрашэння (Лк 7,11-17). Па словах Папы, гэта гісторыя падштурхоўвае да разважання пра чалавечыя адносіны.

Пантыфік заўважыў, што часта людзі “перасякаюцца паміж сабой, але не сустракаюцца”, бо “кожны думае пра сябе, глядзіць і не бачыць, слухае і не чуе”. Калі мы праходзім па вуліцы і бачым штосьці сумнае, вельмі часта проста кажам: “Як шкада!” і ідзем далей. Езус жа наблізіўся да ахопленай горам жанчыны і затым здзейсніў цуд. Яго сустрэча была плённай, адзначыў Пантыфік.

“Мы прызвычаіліся да культуры абыякавасці, а павінны працаваць і прасіць аб ласцы будавання культуры плённай сустрэчы, якая вяртае кожнаму чалавеку годнасць Божага дзіця, годнасць жывой істоты. Мы прызвычаіліся да абыякавасці. Калі бачым катаклізмы гэтага свету або менш значныя рэчы мы проста кажам:  “Шкада, бедныя людзі, як яны пакутуюць” і праходзім далей, Калі я не ўбачу – а не дастаткова паглядзець – трэба ўбачыць, калі не затрымаюся, калі не дакрануся, калі не паразмаўляю, не змагу ўчыніць сустрэчу і не змагу дапамагчы ў будаванні культуры сустрэчы”, - сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, пасланне Езуса актуальнае сёння і тычыцца таксама адносін унутры сям’і. 

“За сталом у сям’і, як часта спажываюць ежу гледзячы тэлевізар або пішучы смс-паведамленні. Нікому няма справы да гэтай сустрэчы. Таксама і ў самай сэрцавіне нашага грамадства, якой з’яўляецца сям’я, няма сустрэчы. Няхай гэта разважанне дапаможа нам будаваць культуру сустрэчы, так проста, як гэта рабіў Езус. Не толькі глядзець, але бачыць. Не толькі слухаць, але чуць. Не толькі перасякацца, але сустракацца. Не дастаткова казаць: “Шкада, бедныя людзі”, але трэба дазволіць літасці агарнуць нас. А затым падыйсці, дакрануцца і казаць на мове, якая кожнаму прыходзіць у той момант, на мове сэрца: “Не плач” і даць прынамсі кроплю жыцця”, - заклікаў Пантыфік.

Пасля св. Імшы, запрошаныя на яе вернікі мелі магчымасць падыйсці да Францішка і коратка прывітацца з ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.