2016-09-12 12:43:00

Францішак заклікаў маліцца аб еднасці Касцёла


Святы Айцец заклікаў маліцца аб еднасці Касцёла перад абліччам нападаў д’ябла, які намагаецца раздзяліць хрысціян, удараючы ў самы корань адзінства: эўхарыстычную цэлебрацыю. Падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане 12 верасня 2016 г. Пантыфік спаслаўся на словы апостала Паўла (1Кар 11,17-26. 33), які заклікаў карынцянаў, каб Эўхарыстыя была для іх сакрамэнтам братэрскай любові, а не крыніцай разладу і падзелаў.

Францішак нагадаў, што д’ябал выкарыстоўвае дзве магутныя зброі для таго, каб знішчыць Касцёл: падзелы і грошы. На працягу ўсёй гісторыі ён імкнецца сеяць ідэалагічныя і тэалагічныя падзелы, зайздрасць і амбіцыі, а калі дасягае сваёй мэты, адыходзіў задаволены. “А мы – неразумныя, граем у яго гульню”, - з жалем дадаў Пантыфік. 

Святы Айцец перакананы, што “падзелы ў Касцёле не дазваляюць пашырацца Божаму Валадарству”, не дазваляюць бачыць Пана, такім якім Ён з’яўляецца на самой справе. 

“Я прашу вас рабіць усё магчымае, каб не знішчаць Касцёл падзеламі, як ідэалагічнымі, так і выкліканымі сквапнасцю, амбіцыямі і зайздрасцю і перш за ўсё маліцца і бараніць крыніцу, корань адзінства Касцёла, якім з’яўляецца Цела Хрыста, каб мы штодзённа цэлебравалі Яго ахвяру ў Эўхарыстыі”, - сказаў Папа.

У св. Імшы з Пантыфікам прыняў удзел 94-гадовы мексіканскі арцыбіскуп Артура Антоніа Шыманскі Рамірэс. На пачатку сваёй гаміліі Францішак прывітаў яго і нагадаў, што гэты іерарх удзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы. 9 верасня 2016 г. Святы Айцец прымаў яго на прыватнай аўдыенцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.