2016-09-11 14:01:00

Святы Айцец: для Бога мы ніколі не страчаныя


“Няма ніякага граху, у які мы б ўпалі, і з якога, з дапамогай Божай ласкі, мы не можам устаць. Няма ніякага назаўсёды страчанага чалавека, таму што Бог ніколі не перастае жадаць нам нашага дабра, нават калі мы грашым”, сказаў Францішак 11 верасня 2016 г. перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. “Літургія сённяшняе нядзелі прапануе нам 15 раздзел з Евангелля паводле Лукі, які прызнаецца раздзелам міласэрнасці і змяшчае ў сабе тры прыпавесці, у якіх Езус адказвае на нараканні кніжнікаў і фарысеяў.  Яны крытыкавалі паводзіны Хрыста і казалі: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі” (Лк 15,2). З дапамогай гэтых трох прыпавесцяў Езус хоча нам даць зразумець, што Бог Айцец з'яўляецца першым, які меў міласэрнае і гасціннае стаўленне да грэшнікаў. Такое стаўленне мае Бог.У першай прыпавесці Бог паказваецца як пастыр, які пакідае дзевяноста дзевяць авечак, каб пайсці і шукаць адну загубленую. У другой Бог параўноваецца да жанчыны, якая,згубіўшы адну манету, шукае яе, пакуль не знойдзе.  У трэцяй прыпавесці Бог прадстаўляецца як бацька, які прымае сына, які адышоў з дому. Постаць бацькі ўказвае сэрца Бога - міласэрнага Бога, які праяўляецца ў Езусе.

Сумесным элементам гэтых прыпавесцяў з'яўляецца тое, што выяўляецца ў дзеясловах, якія азначаюць разам: радавацца, весяліцца. А не тое, каб плакаць. Ён радуецца і цешыцца. Пастар склікаў сяброў і суседзяў і сказаў ім: “Радуйцеся са мною, бо я знайшоў маю згубленую авечку” (Лк 15,6). Жанчына склікае сябровак і суседак, кажучы: “цешцеся са мною, таму што я знайшла згубленую драхму” (Лк 15,9). Бацька кажа свайму другому сыну: “Весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся” ( Лк 15,32). У першых дзюх прыпавесцях акцэнт ставіцца на радасць, настолькі пераважную, што трэба было ёю падзяліцца з “сябрамі і суседзямі”. У трэцяй прыпавесці ставіцца акцэнт на гасціну, якая выходзіць з сэрца літасцівага бацькі і пашыраецца на ўвесь ягоны дом. Гэтае Божае свята для тых, хто вяртаецца да Яго ў пакаянні, што заўсёды падкрэслівалася ў Юбілейным Годзе, які мы перажываем, як кажа сам тэрмін “юбілей”.  

З дапамогай гэтых трох прыпавесцей Езус паказвае нам сапраўднае аблічча Бога. Айца з распрасцёртымі рукамі, Які ставіцца да грэшнікаў з пяшчотай і спачуваннем. Прыпавесць, якая найбольш кранае, таму што паказвае бясконцую любоў Бога - пра бацьку, які прыціскае да сябе і абдымае блуднага сына. Тое, што кідаецца ў вочы, гэта не столькі сумная гісторыя маладога чалавека, які прыходзіць у заняпад, але яго вырашальныя словы: “Устану і пайду да айца майго” (Лк. 15,18). Паваротная дарога да дому - гэта дарога надзеі і новага жыцця. Бог чакае нашага падарожжа, чакае на нас з цярплівасцю, бачыць нас, хаця мы ўсё яшчэ далёкія, бяжыць нам насустрач, абдымае нас, цалуе нас, прабачае нам. Такім з’яўляецца Бог. Такім з’яўляецца наш Айцец. І Яго прабачэнне сцірае мінулае і адраджае нас у любові. Бог забываецца пра мінулае: гэта Божая слабаць. Калі нас абдымае і прабачае нам, ён траціць памяць, забываецца пра ўсё. Забывае мінулае. Калі  мы, грэшнікі навяртаемся, і шукаем Бога, Ён не чакае нас папрокамі і карамі, таму што Бог збаўляе, прымае ў доме з радасцю і наладжвае гасціну. Сам Езус, у сённяшнім Евангеллі, кажа: “Кажу вам, што таксама на нябёсах больш радасці будзе з аднаго грэшніка, які пакаяўся, чым з дзевяноста дзевяці праведнікаў, якія не патрабуюць пакаяння” (Лк 15,7). І я вам задам пытанне: ці думалі вы калі-небудзь, што кожны раз, калі мы падыходзім да канфесіяналу, тады  ёсць радасць і свята ў небе? Ці задумваліся вы пра гэта? Гэта прыгожа.

Гэта дае нам вялікую надзею, таму што няма ніякага граху, у які мы б ўпалі, і з якога, з дапамогай ласкі Божай, мы не можам устаць. Няма ніякага страчанага чалавека, на заўсёды, ніхто не страчаны, таму што Бог ніколі не перастае жадаць нам нашага дабра, нават калі мы грашым! Няхай Панна Марыя, Прытулак грэшнікаў, зробіць, каб у нашых сэрцах узнік давер, які запаліўся ў сэрцы блуднага сына: “Устану і пайду да айца і скажу: Ойча я зграшыў” (Лк 15,18). Ідучы гэтай дарогай, мы можам даць радасць Богу, і Яго радась можа стаць нашай”, -сказаў Папа.

На заканчэнне Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца за яго і ўдзяліў сабраным на ватыканскай плошчы сваё благаслаўленне.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.