2016-09-10 12:11:00

Францішак: шмат ілюзій прададзена пад маркай свабоды


Божай міласэрнасці, якая выяўляецца ў адкупленні і збаўленні чалавека, прысвяціў папа Францішак сваю катэхезу падчас пазачарговай агульнай аўдыенцыі, якая прайшла ў Ватыкане 10 верасня 2016 г. у рамках Юбілейнага года. 

Святы Айцец заўважыў, што слова адкупленне сёння выкарыстоўваецца рэдка. Нягледзячы на гэта яно азначае “самае радыкальнае вызваленне”, якое Бог мог учыніць для людзей.

Па словах Пантыфіка, сучаснаму чалавеку не падабаецца думаць, што ён быў адкуплены і збаўлены дзякуючы ўмяшальніцтву Бога. Таму ён падманвае сябе думкамі пра ўласную свабоду, мяркуючы, што дзякуючы ёй можа дасягнуць усяго самастойна. “Ён хваліцца гэтым. Але на самой справе гэта не так!”, - сцвердзіў Францішак. 

“Колькі ілюзій было прададзена пад маркай свабоды і колькі новых формаў рабства ўзнікла ў нашыя дні ў імя фальшывай свабоды! Колькі рабоў! “Я раблю гэта таму што хачу, бяру наркотыкі, таму што мне гэта падабаецца, таму што свабодны, раблю што хачу” ... Гэта рабы! Яны становяцца нявольнікамі ў імя свабоды. Мы ўсе бачылі такіх людзей, якія скончылі на зямлі. Мы маем патрэбу ў Богу, які вызваліць нас ад усіх форм абыякавасці, эгаізму і самадастатковасці”, - сказаў Папа.

Францішак нагадаў, што стаўшы чалавекам, Езус Хрыстус не толькі прыняў на сябе стан людзей, але таксама даў ім магчымасць быць Божымі дзецьмі. Ён перамог смерць і грэх, каб вызваліць чалавека ад іх панавання. Хрыстус – гэта “Ягнятка, прынесенае ў ахвяру за нас, каб маглі атрымаць новае жыццё, якое складаецца з прабачэння, любові і радасці”, падкрэсліў Папа.

“Канешне, гэта праўда, што жыццё ставіць нас перад выпрабаваннямі і часам мы пакутуем па гэтай прычыне. Тым не менш, у такія моманты мы пакліканы скіраваць позірк на ўкрыжаванага Езуса, які пакутуе за нас і разам з намі, у якасці надзейнага доказу таго, што Бог нас не пакіне. Не будзем ніколі забываць, што ў цярпеннях і пераследзе, як і ў штодзённых пакутах, мы заўсёды вызвалены міласэрнай рукой Бога, які нас прытуляе да сябе і вядзе да новага жыцця”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік падкрэсліў, што любоў Бога бязмежная і людзі заўсёды маюць магчымасць адкрыць новыя знакі, які ўказваць на Яго ўвагу і асабліва на Яго жаданне дасягнуць іх і ісці перад імі.

“Усё наша жыццё, хоць і пазначана слабасцю граху знаходзіцца пад позіркам Бога, які нас любіць. Шмат старонак Святога Пісання кажа пра прысутнасць, блізкасць і пяшчотнасць Бога да кожнага чалавека, асабліва да самых малых, бедных і пакутуючых! Бог мае вялікую пяшчотнасць, вялікую любоў да малых, да самых слабых, да адрынутых грамадствам. Чым у большай патрэбе мы знаходзімся, тым больш Яго позірк напаўняецца міласэрнасцю да нас. Ён адчувае літасцівую спагаду да нас, бо ведае пра нашы слабасці. Ён ведае нашы грахі і прабачае нас: прабачае заўсёды. Вельмі добры, вельмі добры наш Айцец”, - падкрэсліў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў вернікаў адкрыцца на Бога і прыняць Яго ласку, паколькі, як кажа псальм, “у Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне”. 








All the contents on this site are copyrighted ©.